Напярэдадні суд пастанавіў пачаць судовае сьледзтва з допыту падсудных, хаця яны казалі, што хацелі б спачатку выслухаць экспэртаў, якія рабілі экспэртнае заключэньне аб іхных артыкулах.
У судовай залі сёньня удвая менш людзей, чым учора, калі працэс пачаўся.
Суд аднавіўся
Суд абвясьціў, што зараз у якасьці сведкі будзе выкліканы Аляксей Шыптэнка, бацька Сяргея Шыптэнкі. Аляксей Шыптэнка просіць дапытаць яго, бо мусіць зьехаць, суд задаволіў ягоную просьбу.
Бацька Шыптэнкі адмовіўся ад паказаньняў
Аляксей Шыптэнка нарадзіўся ва Ўкраіне, цяпер жыве ў Менску. Іншых абвінавачаных ён ня ведае.
«Я хачу скарыстацца магчымасьцю не даваць паказаньні супраць сына», — заявіў суду Аляксей Шыптэнка.
Суд спытаў яго, ці хоча ён сказаць нешта пра сына. Сьведка сказаў адно: «Я ганаруся, што маю такога сына».
Пачаўся допыт Алімкіна
Суд зьвярнуўся да падсуднага Алімкіна, ці згодны ён даваць паказаньні. Той пагадзіўся.
Дзьмітры Алімкін сказаў, што ён паводле адукацыі інжынэр-мэханік, эканаміст-мэнэджар, а ў мэдыя ніколі не працаваў.
«Я рыхтаваў тэксты аб сытуацыі ў Беларусі і адпраўляў Юрыю Баранчыку, рэдактару Regnum. Зь ім асабіста ніколі не сустракаўся. Ведаю пра Regnum, што гэта фэдэральнае СМІ, зарэгістраванае. Кантактавалі праз электронную пошту і скайп».
Пра Паўлаўца і Шыптэнку сказаў, што раней іх ня ведаў, пазнаёміўся на сьледзтве.
Алімкін пра сваю пазыцыю заявіў: «Я — блогер, я не журналіст. Спачатку выстаўляў свае тэксты сам у ЖЖ, у інтэрнэце, ніхто мне грошы за гэта не плаціў».
Алімкін распавёў, як пазнаёміўся з Баранчыкам
Падсудны Алімкін расказаў, што зь Юрыем Баранчыкам пазнаёміўся праз інтэрнэт, выявілася, што яны аднадумцы.
«Мы абмяркоўвалі артыкул, у якім было напісана, што ў Беларусі ўсё добра. Пачалі спрачацца з расейцамі, якія так думалі, і высьветлілі, што мы — аднадумцы. Гэтак пазнаёміліся. Ён прапанаваў мне напісаць тэкст. Спачатку на ягоны сайт, потым ён пачаў разьмяшчаць мае тэксты на Regnum».
Колькі плацілі?
Алімкін сказаў, што плацілі за тэкст каля 50 даляраў. За першы не заплацілі, а потым дамовіліся і пачалі плаціць. Атрымліваў нячаста, прыкладна штомесяц.
«Грошы прыходзілі ў банк на маё імя». Усяго надрукавалі недзе 45 ягоных артыкулаў. Пра што пісаў? «Пра тое, што адбываецца ў Беларусі, маё меркаваньне. Тое, што я бачыў».
Паводле Алімкіна, ягоныя тэксты рэдагавалі і падпісвалі іншымі імёнамі, якія зь ім не ўзгаднялі. У тым ліку пад імем Ала Бронь. Сказаў, што прынамсі тройчы бачыў гэты подпіс пад чужымі артыкуламі. «На гэтым прозьвішчы настойваў Юры Баранчык», — сказаў падсудны Дзьмітры Алімкін.
«Я хацеў данесьці да аўдыторыі пэўныя думкі, а як будуць падпісаныя тэксты, мне ўсё роўна. Асноўная тэматыка была пра тое, што ў Беларусі адбываецца нешта дрэннае, а расейцы гэтага не заўважаюць. Што? Распальваньне нацыяналізму — у чым мяне цяпер абвінавачваюць».
Паводле Алімкіна, гэтых тэкстаў ён ня мог бы надрукаваць у Беларусі, бо беларускія мэдыі «пра такое ня пішуць».
Рэдактары думак Алімкіна не скажалі
Алімкін распавёў, што ягоныя тэксты рэдагавалі, ставілі пэўныя загалоўкі і падзагалоўкі ў адпаведнасьці з фарматам Regnum, але думак ягоных збольшага не скажалі.
Пракурор Кароль спытаў у падсуднага, чаму ў ягоных тэкстах Беларусь называлася «Белоруссией» — гэта была праўка ці ён так сам пісаў? Алімкін сказаў, што па-расейску будзе дакладна «Белоруссия», таму ён так і пісаў.
Пра перасьлед беларусафобаў
«Тое, што ў Беларусі ёсьць беларусафобы, — не навіна. Навіна ў тым, што беларусафобаў у Беларусі стала перасьледаваць дзяржава. Пра гэта я і пісаў. Што пацьвярджае і нашае знаходжаньне тут», — сказаў Алімкін.
На пытаньне адваката, ці атрымліваў ён ад Баранчыка як рэдактара загад на апісаньне пэўных тэмаў, Алімкін адказаў, што не, не атрымліваў.
Алімкін пра суд: Аналяг працэсу над малпамі
Падсудны Алімкін пра абвінавачаньне сказаў:
"Тое, што піша пракуратура, дзяржава — гэта сьмешна. Аналяг працэсу над малпамі. Мае артыкулы — проста мае меркаваньні. Хочаце чытайце, хочаце — не. Гэтак весьці дыскусію немагчыма, калі другі бок далучае рэсурсы дзяржавы, замест таго каб весьці дыскусію", — мяркуе Алімкін.
Пра грошы, атрыманыя за артыкулы
Алімкін сказаў, што дакладна ня памятае, ці атрымліваў грошы менавіта за артыкулы. «Плацілі — добра. Не плацілі — ну нічога».
Пра крыніцы, адкуль грошы браў Баранчык, Алімкін сказаў, што, пэўна, гэта грошы ад Regnum, дзе той працаваў.
Пра новае абвінавачваньне
У жніўні 2016 году Алімкіну выставілі новае абвінавачаньне, якое ён захацеў цяпер пракамэнтаваць. Працытаваў пункт, дзе ідзецца пра «прымусовую беларусізацыю» — што ён так мяркуе.
«Але чаму ў абвінавачаньні знаходзяцца спасылкі на мае меркаваньні? Так, я гэтак мяркую. А дзе пра злачынства — што дастаў нож, забіў таго ці таго?»
Алімкін кажа пра абвінавачаньне, што ў ім часткова «парушаная лёгіка».
«Сьцьвярджаецца, што я адмаўляю ў існаваньні беларускай нацыі, дык як тады я магу ўзбуджаць варожасьць да таго, чаго няма?»
Пра варожасьць Захаду
Алімкін мяркуе, што палякі ставяцца варожа да Расеі: «Гэтага і даказваць ня трэба, гэта клінічны факт — што палякі ставяцца варожа да Расеі».
«А камусьці невядома, што на Захадзе ўсяляк дэманструюць сваё першынство над беларусамі і славянамі? Усім гэта вядома».
Пра стаўленьне да Сталіна
Алімкін сказаў, што ацэньвае нацыянальную палітыку Сталіна больш станоўча, чым экспэрты, якія мяркуюць, «што ўсе беларусы адмоўна ставяцца да нацыянальнай палітыкі Сталіна» . На якой падставе экспэрт закрэсьліў маё меркаваньне? — абураецца Алімкін.
Пра «нізкія мастацкія якасьці» беларускай літаратуры
Алімкін паўтарыў сваё меркаваньне пра беларускую літаратуру:
«Каштоўнасьць беларускай літаратуры толькі ў тым, што яна напісаная па-беларуску, а яе мастацкія якасьці — надта нізкія». Абураецца, што гэта яму паставілі ў віну: «Дык гэта ж маё меркаваньне! А ў экспэртаў іншае».
Пра беларускую мову і «штучна створаную» нацыю
Пытаньне пра тое, ці ёсьць беларуская мова мовай ці дыялектам, назваў дыскусійным. «Нічога зьневажальнага ў гэтым для беларусаў няма».
«Тое самае і наконт штучнасьці стварэньня нацыі. Італьянская нацыя, француская нацыя створаныя штучна, гэта прызнаецца, але што тут дрэннага?»
Алімкін пярэчыць, што заклікаў «не аддаваць дзяцей у беларускамоўныя дзіцячыя садкі». Аднак настойвае на тым, што навучаньне дзяцей у беларускамоўных садках прывядзе да дрэннага ўзроўню іхнай расейскай мовы. «Пра гэта забаронена казаць? Чаму?»
Алімкін пагадзіўся, што разьлічваў на прачытаньне ягоных артыкулаў «непадрыхтаванай» аўдыторыяй, як сьцьвярджае абвінавачваньне. «Каюся, так, але я ня ведаў, што гэта злачынства», — тон у Алімкіна напаўжартаўлівы.
Пра суд як перасьлед за палітычныя меркаваньні
Пытаньні Алімкіну пачаў задаваць падсудны Шыптэнка. З Алімкіным ён на «ты». «У нас у турме гэтак прынята».
«Уся гэтая справа ёсьць перасьледам за палітычныя меркаваньні. Гэта робіць улада, а больш жорстка — дыктатура», — так Алімкін адказаў на пытаньне Шыптэнкі, што ён думае пра гэты працэс.
Пра «неістотныя дасягненьні» незалежнай Беларусі
Шыптэнка спытаў у Алімкіна, ці адмаўляе ён, што ў незалежнай Беларусі ёсьць дасягненьні. «Некаторыя дасягненьні ёсьць. Але неістотныя», — адказаў Алімкін і пачаў тлумачыць.