Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў пра «мільярды даляраў» выгады для Беларусі ад Эўразійскага саюзу. Экспэрт: «Гэта мастацкая інтэрпрэтацыя»


Прэзыдэнт Расеі падчас падыходу да прэсы пасьля штогадовай адмысловай праграмы "Прамая лінія з Уладзімірам Пуціным" у Гасьціным двары. Чэрвень 2017.
Прэзыдэнт Расеі падчас падыходу да прэсы пасьля штогадовай адмысловай праграмы "Прамая лінія з Уладзімірам Пуціным" у Гасьціным двары. Чэрвень 2017.

«Эўразійскі эканамічны саюз — гэта вялікае наша агульнае дасягненьне», — заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі 14 сьнежня ў Маскве.

«Крытыкі заўсёды шмат і зь любой нагоды, і з нагоды разьвіцьця ЭАЭС у тым ліку, аднак лічбы кажуць, што мы рухаемся ў правільным кірунку», — цытуе Пуціна БелаПАН.

Як адзначыў расейскі прэзыдэнт, унутраны тавараабарот у ЭАЭС вырас на 29%.

«У нас ВУП вырас на 1,6%, а сукупны ВУП краін ЭАЭС — на 1,8%. У лепшы бок зьмяняецца структура ўзаемнага тавараабароту. У Беларусі адна траціна экспарту на рынкі ЭАЭС — гэта машыны і абсталяваньне. На траціну — сельгаспрадукты. Беларусь атрымала права бяспошлінна атрымліваць 24 млн тон нафты, экспартаваць яе за мяжу, а атрыманы даход залічаць у свой бюджэт. Гаворка ідзе пра мільярды долараў », — цытуе Пуціна расейскае агенцтва EADaily.

Па словах расейскага прэзыдэнта, «ёсьць і нявырашаныя пытаньні: гэта шматлікія канфіскацыі, у прыватнасьці па энэрганосьбітах, з электраэнэргіяй». «Але ў нас ёсьць плян дзеяньняў, расьпісаны па гадах, калі мы павінны перайсьці да поўнай лібэралізацыі ў гэтых сэктарах. І мы будзем рухацца», — запэўніў кіраўнік Расеі.

Эканаміст: ёсьць плюсы і мінусы

Экспэрт Беларускага дасьледча-эканамічнага цэнтру (BEROC) Дзьмітры Крук ў камэнтары Свабодзе назваў заяву Пуціна «мастацкай інтэрпрэтацыяй».

Эканаміст кажа, што з аднаго боку, дзякуючы сяброўству ў ЭАЭС, Беларусь набывае нафту і газ па цане ніжэйшай за рынкавую, але «вялікае пытаньне, наколькі гэта садзейнічае разьвіцьцю беларускай эканомікі».

«Трэба мець на ўвазе, што дзеля далучэньня да Эўразійскага эканамічнага саюзу Беларусь ахвяравала даволі нізкім узроўнем камунальных тарыфаў. Гэта можна трактаваць як страту», — кажа Дзьмітры Крук.

Паводле эканаміста, у залежнасьці ад таго, на доўга- ці кароткатэрміновую пэрспэктыву глядзець, знаходжаньне Беларусі ў ЭАЭС можна трактаваць па-рознаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG