Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці наблізіліся Менск і Масква да вырашэньня нафтагазавага канфлікту?


Чаму прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі не змаглі чарговым разам дамовіцца? У якіх пытаньнях беларуска-расейскія супярэчнасьці зьяўляюцца найбольш значнымі? Ці будзе знойдзена паразуменьне падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Санкт-Пецярбургу?Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: «Апошнім часам зьявіліся прыкметы таго, што зацяжное беларуска-расейскае нафтагазавае супрацьстаяньне набліжаецца да мірнага вырашэньня, бакі набліжаюцца да кампрамісу. Пра гэта найперш сьведчыць рэзкая зьмена рыторыкі Аляксандра Лукашэнкі. Калі пасьля вяртаньня з Сочы ён намякаў, што за вулічнымі акцыямі стаіць Расея, то ўжо 21 сакавіка ён заявіў, што за гэтай змовай стаяць заходнія спэцслужбы і фонды, а баевікі рыхтуюцца ва Ўкраіне, Польшчы і Літве. Думаю, гэтая зьмена геапалітычнай пагрозы адбылася невыпадкова, ён атрымаў нейкі сыгнал з Масквы.

28 сакавіка, прымаючы амбасадара Армэніі, Лукашэнка раптам стаў казаць пра адносіны з Расеяй. Высьветлілася, што, аказваецца, у яго «бліскучыя» адносіны з Пуціным і што ім яшчэ давядзецца разам адстрэльвацца.

Экспэрты шмат разважалі, што пасьля рэзанансных акцый пратэсту мінулымі выходнымі ў Беларусі і Расеі, іх жорсткага разгону выявіцца салідарнасьць дыктатараў, і Масква пойдзе на саступкі Менску.

Але вось 30 сакавіка прэм’ер-міністры дзьвюх краін Андрэй Кабякоў і Дзьмітры Мядзьведзеў ня здолелі дамовіцца наконт вырашэньня газавай спрэчкі. І гэта стала, у пэўным сэнсе нечаканым. Бо, здавалася, усе вонкавыя прыкметы сьведчылі пра тое, што бакі рухаюцца да кампрамісу.

3 красавіка заплянаваная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу. Тут цікавыя два нюансы. Як вядома, 2 красавіка ў абедзьвюх краінах сьвяткуецца ўжо трохі забытае сьвята — Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Афіцыйныя ўрачыстасьці ў Беларусі і Расеі з гэтай нагоды пройдуць сёньня 31 сакавіка. Лягічна было б кіраўнікам краін сустрэцца ў гэты дзень. Гэта было б сымбалічна. Але калі Лукашэнка і Пуцін не дамовяцца, то гэта будзе сымбалізм са знакам мінус. Тым больш што 2 красавіка — нядзеля, выходны дзень.

Другі момант. Паводле наяўнай інфармацыі, гэта будзе сустрэча двух прэзыдэнтаў, а не паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. І гэта забаўна, бо ўжо пачынаецца красавік, першы квартал скончаны, а бюджэт Саюзнай дзяржавы не зацьверджаны, бо гэта можа зрабіць толькі Вышэйшы дзяржсавет.

Што тычыцца сутнасьці супярэчнасьцяў, то міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак патлумачыў, што Беларусь не гатовая пагасіць запазычанасьці перад Расеяй за газ без атрыманьня прэфэрэнцый. Расейскі бок ацэньвае запазычанасьць на 700 млн даляраў. То бок Масква патрабуе: спачатку вярніце доўг, а потым будзем абмяркоўваць мэханізм кампэнсацый. А Менск зыходзіць з таго, што гэтыя два пытаньні павінны быць вырашаны ў адным пакеце.

Цікава, што прэс-сакратар ураду Беларусі Ўладзіслаў Сычэвіч заявіў, што беларускі бок «не разглядае дадзеныя сродкі ў якасьці доўгу». Тут важна тое, што дыскусія зноў выйшла ў публічную плашчыню.

Магчыма, у Санкт-Пецярбургу разьвяжуць гэты вузел, бо, здаецца, цягнуць далей гэтае супрацьстаяньне няма куды".

Глод: «Энэрганосьбіты — толькі адна з праблемаў, якія існуюць паміж Расеяй і Беларусьсю. Менск ужо ня першы год дамагаецца аднолькавай для сябе і для расейцаў цаны на газ. І абгрунтоўвае гэтае патрабаваньне тым, што ў аб’ектаў гаспадараньня павінны быць аднолькавыя ўмовы.

Але аднолькавыя ўмовы бакі разумеюць па-рознаму. Учора я быў на прэсавай канфэрэнцыі амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава. І той агучыў нараканьні на адрас беларускага боку, прывёўшы такі прыклад: летась Расея прадавала Беларусі газ па цане 132 даляры за тысячу кубамэтраў. Аднак беларускім прамысловым прадпрыемствам ён перапрадаваўся ўжо па цане 250 даляраў. А былі яшчэ пераразьмеркаваньні на сацыяльныя патрэбы. У выніку ў гатовай прадукцыі газ ужо каштаваў 450–500 даляраў.

«Дык пра якія аднолькавыя ўмовы гаспадараньня можна весьці гаворку?» — задаўся пытаньнем дыплямат.

Другая праблема ў тым, што Расея прымае законы, ня гледзячы ні на Саюзную дзяржаву, ні на Эўразійскі Саюз. У Расейскай Фэдэрацыі выдаюцца заканадаўчыя акты, якія не адпавядаюць міжнародным абавязаньням, прынятым ёю ў рамках як Саюзнай дзяржавы, так і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Пра гэта я пачуў учора з вуснаў першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Еўдачэнкі на сэмінары «Актуальныя пытаньні міжнароднай дзейнасьці і разьвіцьця міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь», які праводзіў Нацыянальны сход.

«Тут вельмі шмат прыкладаў. Зусім нядаўна ўрадам Расейскай Фэдэрацыі накіраваны ў Дзярждуму праект фэдэральнага закону аб унясеньні зьмяненьняў у закон аб мытным рэгуляваньні. Акрамя ўзмацненьня жорсткасьці транзыту санкцыйнай прадукцыі, дадзены законапраект закранае і прамысловую групу тавараў, якія ідуць з краін Эўразьвязу праз тэрыторыю Беларусі і Расеі ў Казахстан, што можа нанесьці істотную шкоду транзытнай прывабнасьці нашай дзяржавы», — сказаў першы намесьнік Уладзімера Макея.

Еўдачэнка дадаў, што праблема неадпаведнасьці шэрагу расейскіх законапраектаў міжнародным абавязаньням, прынятым Расеяй у рамках інтэграцыйных абʼяднаньняў, прапрацоўвалася Дзяржаўнай Думай шостага скліканьня. Аднак у Дзярждуме новага, сёмага скліканьня гэтая праца не атрымала належнага працягу.

І яшчэ — Расея цудоўна ведае, што Беларусь ня мае альтэрнатыўных рынкаў для свайго экспарту. На тым жа сэмінары спадар Еўдачэнка паведаміў, што экспарт высокатэхналягічнай прадукцыі зь Беларусі на рынкі краін Эўразьвязу ў мінулым годзе склаў толькі 1% ад усяго, што было туды прададзена. А вось у 1993 годзе адпаведная доля Беларусі на заходніх рынках складала больш за 20%.

Усяго ў краіны Эўразьвязу Беларусь летась прадала тавараў на 5,7 мільярда даляраў. Амаль уся гэтая сума прыпала на нафтапрадукты, азотныя і калійныя ўгнаеньні, мэталапракат.

Каб выправіць сытуацыю, першы намесьнік кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства прапануе Беларусі пайсьці шляхам краін Усходняй Эўропы:

«Яны зрабілі прарыў за кошт заходніх інвэстыцый. І нам трэба ісьці гэткім самым шляхам».

На гэты матэрыял, які ўчора быў выстаўлены на сайце нашага радыё, зьявіўся такі камэнтар: «Амон хай вам прыцягне інвэстыцыі. З Шуневічам разам».

Валер Карбалевіч слушна казаў, што ўсё вырашыцца на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі. Мне цікава, ці пойдзе зноў Крэмль на фінансавыя саступкі Менску? Думаю, што пойдзе. Мяркую, што Пуцін скажа нешта падобнае да такога: «Ну што, Аляксандар Рыгоравіч, пахадзіў ты на Захад. Бачыш — нічога не атрымалася. Так што давай вяртайся да таго, што было».

Цыганкоў: «Думаю, цяпер у Лукашэнкі ёсьць спрыяльная магчымасьць пасябраваць з Пуціным і вырашыць канфлікт. Таму што на фоне разгону вулічных акцый у Беларусі і Расеі аўтарытарныя лідэры могуць адчуць аўтарытарную роднасьць, ідэалягічную блізкасьць. Яны разам супрацьстаяць патэнцыйнаму Майдану і Захаду, які, як лічаць у кіраўніцтве дзьвюх краін, стаіць за ім.

Лукашэнка ўжо пачаў артпадрыхтоўку да сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, заявіўшы: мы з Пуціным родныя браты і нам яшчэ, магчыма, давядзецца стаць сьпіной адзін да аднаго і адстрэльвацца. Гумарысты адразу дадалі, што адстрэльвацца давядзецца ад уласных народаў.

Увогуле доўгі досьвед беларуска-расейскай інтэграцыі паказвае, што ў цяжкія часы Расея прыходзіць на дапамогу свайму саюзьніку. Цяперашняе адрозьненьне сытуацыі палягае ў тым, што ў Расеі цяпер менш грошай. Таксама цяпер Расея адцягвае дапамогу, падвешвае саюзьніка, чакае, тузае. І гэта ставіць новыя рамкі ў традыцыйных беларуска-расейскіх адносінах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG