Калега Сяргей Дубавец зьмясьціў фотаздымак зь менскага ЦУМу: на паліцах стосы скрынак з выявамі вайсковай тэхнікі, пазначанай заўважнымі здалёк расейскімі сьцяжкамі.
Подпіс аўтара: «Расейскую вайсковую базу можна ўвесьці ў Беларусь і вывесьці зь Беларусі. З мазгоў маленькіх беларусаў вывесьці яе будзе нашмат больш складана, калі ўвогуле магчыма». Там жа па спасылцы дыскусія.
Саша Опрель: «На мэрчандайзінг уплываюць законы рынку, а не асабістыя прыхільнасьці прадаўца. Так што нікому яны нічога не навязваюць, яны ўсяго толькі падладжваюцца пад кліентаў ды іх попыт»;
Max Reut: «Мне здаецца тут больш законы рынку чым прапаганды»;
Юрий Воронежцев: «А ў чым праблема? Неяк не ўрубіўся...».
Сяргей Дубавец: «Вось у гэтым і праблема».
Справа ня ў бізнэсе, справа ва ўспрыняцьці некаторых — многіх — беларусаў расейскай інфармацыйнай прысутнасьці ў Беларусі.
Jauhien Jancevicz: «У мяне дагэтуль ляжыць паштоўка з расейскім сьцягам да 23-га лютага, якую дарылі хлопчыкам дзяўчынкі нашага клясу. І нікога нічога тады не засмуціла: ні дзяўчынак, ні хлопчыкаў, ні цёценьку-клясную».
Чаму я, як многія, стаўлюся да прысутнасьці ў Беларусі расейскай сымболікі з напругай, а да сымболікі ўсіх іншых дзяржаваў — не?
Paval Miatlitski: «Калі ў цябе пад бокам такая паміраючая імпэрыя, як Расея, усё набрыняе ідэалягічным падтэкстам. Таму „проста бізнэсам“ гэта можа быць дзесьці ў Пэру ці ў Новай Гвінеі».
Справа нават ня столькі ў тым што пасьля анэксіі Крыму і распальваньня вайны на Данбасе да Расеі як палітычнага ўтварэньня няма даверу. І ня ў тым, што варта Беларусі рэзка зьмяніць палітычны кірунак, як цяперашні фармальны саюзьнік можа стаць праціўнікам. І што Беларусь ніхто не абароніць, бо іншых саюзьнікаў у цяперашняй Беларусі няма.
Справа ў тым, што расейская імпэрская тэма наагул дэманструе разлад у меркаваньні тых беларускіх грамадзян, якіх цяжка западозрыць у замбаванасьці расейскай прапагандай.
Гэта ж не расейцы прымусам завальваюць беларускія крамы сваёй прадукцыяй. Здымак вайсковых мадэлек — гэта толькі ілюстрацыя да шырэйшай зьявы. Гэта беларусы вязуць з Расеі, а пасьля прадаюць сваім жа беларусам тысячы тон кніжак пра «вялікую Расею», «расейскіх цароў», «змаганьне з бандэраўцамі» ды пра іншыя адценьні імпэрыялізму.
Гэта не расейцы, а беларусы пускаюць у эфір бясконцыя расейскія ток-шоў пра «нашы „іскандэры“», «пагрозу з Захаду» і «укра-фашыстаў і хунту».
Гэта беларусы самі лезуць у пашчу інфармацыйнага ўдава, шапочучы «мы чуем цябе, Каа», ня маючы волі ствараць сваё і жыць сваім. Сваімі рэаліямі, сваімі інтарэсамі.
Пад «беларусамі» я маю на ўвазе самы шырокі спэктар людзей. Ад барацьбіта-адраджэнца з электроннай поштай на «mail.ru» і сайтам на «narod.ru» да ідэалягічнай абслугі дзяржаўнай улады, якая мусіць адначасова прасоўваць ідэю незалежнасьці і саюзьніцтва з Расеяй.
Сьвежы прыклад — сюжэт на ОНТ пра Ўсебеларускі зьезд у сьнежні 1917 году. На пачатку робіцца акцэнт на «упершыню прамоўленай ідэі беларускай дзяржаўнасьці», а сканчаецца нібыта падабенствам ідэяў Зьезду 1917 зь Беларусьсю 2017: «сацыяльна-арыентаваная эканоміка, саюзная дзяржава і ніякіх мытных межаў у Беларусі з Расеяй». І ні слова пра БЧБ, пад якім адбываўся зьезд.
Тэхнічна праблема сьцяжкоў на ўпакоўках вырашаецца вельмі проста. Пастаўшчык у Беларусь можа іх залепліваць карыснай інфармацыяй, напрыклад, пра сваю фірму.
А вось праблему ў галаве не залепіш.
Уся названая вышэй расейская мэдыйная і дызайнэрская прадукцыя вырабляецца для ўнутранага рынку Расеі. Але аўтаматычна накрывае хваляй прылеглыя тэрыторыі. Хваля сыходзіць, вадзічка застаецца. Бо запаўняе пустоты. Там дзе яны ёсьць.
Пакуль грамадзтва, як можа, само спрабуе запоўніць пустоты нацыянальнай самасьвядомасьці. Вось, напрыклад, распачатая Нацыянальная кампанія сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР.
Зрэшты, хто б мог падумаць тры гады таму, што «вышыванкавая» ініцыятыва групы маладых людзей будзе падхопленая дзяржавай? Так і з БНР. Магчыма, дзяржава проста адстае. І празь некаторы час хлопчыкам у школах будуць дарыць паштоўкі не з расейскім трыкалёрам, а з БЧБ.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.