— Калі аўтобус на Кунцаўшчыну?
— Празь сем хвілін, — стомлена адказвае сталага ўзросту кабета.
«Свая», — падумаў я.
«Мы і так у Кунцаўшчыне! У мікрараёне», — вачыма зьдзівіліся людзі на прыпынку.
Наўкола — маналіт шматпавярховікаў.
«Прапусьціце з малым дзіцём!». Мама са мною на руках у перапоўненым ЛАЗіку сорак гадоў таму. Едзем да бабулі і дзядулі ў вёску Кунцаўшчына.
За вакном аўтобусу на палях пасьвяцца каровы, на балоце хлопцы ловяць уюноў.
Рэшткі вёскі дагэтуль захаваліся — аточаныя гмахамі новых дамоў.
Мы зь цётухнай нібы з апавяданьняў Рэя Брэдбэры: двое марсіянаў, якія ўсё яшчэ памятаюць хараство плянэты да прыбыцьця людзей з Космасу.
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org