11 сьнежня ў «Арт-сядзібе» стартуе продаж рамана Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі» і аўтограф-сэсія перакладчыка кнігі на беларускую мову Аляксея Знаткевіча. Першая кніга сэрыі «Амэрыканка» выйшла дзякуючы краўдфандынгу на плятформе ulej.by і мэцэнату Ігару Жабароўскаму.
Інвэстыцыі ў культуру
Пісьменьніца, перакладчыца, рэдактарка кніжнай сэрыі «Амэрыканка» Марыя Мартысевіч расазала Свабодзе, што ідэя выдаць культавыя, модныя раманы амэрыканскіх пісьменьнікаў (Чака Паланюка, Чарлза Букоўскага, Курта Вонэгута) па-беларуску адной сэрыяй, якая так і называлася б, «Амэрыканка», зьявілася гадоў 7-8 назад. Калі стала зразумела, што ніводзін фонд, ніводнае выдавецтва ня возьмуцца выдаваць такую літаратуру, Марыя прыйшла да высновы, што трэба зрабіць грамадзкую сэрыю, сэрыю перакладчыцкай супольнасьці, і выдаваць кнігі праз краўдфандынг.
«Мы стараліся зрабіць кампанію збору сродкаў вясёлай, пазытыўнай: не праз шкадаваньне, не вымольваць у людзей грошы на дабрачыннасьць, а менавіта паказаць, што выданьне кніжак можа быць пэрспэктыўным, можа акупляцца нават у Беларусі — з нашымі жахлівымі для кнігавыданьня законамі. Калі нават не акупіцца, то стаць інвэстыцыяй у культуру, якую маглі б рабіць неабыякавыя для культуры людзі».
Марыя Мартысевіч таксама гэтым праектам хацела паказаць і праблемы беларускага кнігавыданьня, перакладу — у тым ліку чаму, як і каму выплочваць за аўтарскія правы.
У лістападзе выйшла першая кніга сэрыі «Амэрыканка» — «Палёт над гняздом зязюлі». 11 сьнежня стартуе прэзэнтацыйны тыдзень: аўтограф-сэсія ў Менску, у «Арт-сядзібе», 14 сьнежня — прэзэнтацыя ў Магілёве, 16 сьнежня — вялікая прэзэнтацыя ўсёй сэрыі «Амэрыканка» ў «Прэс-клюбе» з удзелам перакладчыка Кена Кізі Аляксея Знаткевіча, перакладчыка Чака Паланюка Сержа Мядзьведзева, перакладчыкаў Чарлза Букоўскага Ігара Кулікова (проза) і Ганны Комар (вершы), перакладчыцы Маргарэт Этвуд Вольгі Калацкай (проза) і Марыі Мартысевіч (вершы), перакладчыка Курта Вонегута Паўла Касьцюкевіча.
На выданьне сабралі 7 тысяч рублёў
На выданьне па-беларуску першай кнігі — Кена Кізі — было сабрана больш за 7 тысяч беларускіх рублёў, якія перавялі 180 чалавек.
«Гэта супольнасьць, гэта сябры нашай сэрыі, якія падтрымалі яе. І мне здаецца, такіх людзей будзе больш. Я лічу, што чытачы беларускіх кніг ёсьць, проста ня ўсе яшчэ знайшліся. Так што галоўны вынік — гэтымі кніжкамі цікавяцца», — кажа Мартысевіч.
Яна рада, што ўдалося данесьці інфармацыю да людзей, якія гатовыя купляць наступныя кніжкі, цікавяцца іншымі аўтарамі і гатовыя падтрымліваць канкрэтна іх.
«Мы знайшлі фанатаў Маргарэт Этвуд, фанатаў Паланюка, іншых амэрыканскіх пісьменьнікаў» — падзялілася Марыя Мартысевіч.
Марыя Мартысевіч як рэдактарка сэрыі «Амэрыканка» ўдзельнічала ў дыскусіі пра пераклад у музэі Багдановіча.
«Мне здаецца, што прыклад і „Амэрыканкі“, і „Брытанкі“ (гэта кнігі, якія выходзяць у часопісе „ПрайдзіСьвет“) сваімі стратэгіямі — выдаць кнігу, потым прадаць і на прыбытак зрабіць яшчэ адну кніжку — паказваюць іншым выдаўцам, іншым перакладчыкам, што можна разьвівацца, нягледзячы на складаныя ўмовы».
Выдаўцы абяцаюць празрыстасьць схемы
У плянах іншыя кнігі. Цяпер краўдфандынгавая кампанія збору сродкаў будзе на плятформе talaka.by. Збор сродкаў будзе больш працяглым па часе і будзе відаць у працэнтах, на што пойдуць грошы. Кнігі Паланюка, Этвуд і Букоўскага па-беларуску будуць выдавацца па меры таго, як паступяць сродкі з розных крыніц, у тым ліку і ад продажу рамана Кэна Кізі. Неўзабаве выйдзе «Байцоўскі клуб» Чака Паланюка.
Інтэрвію зь перакладчыкам «Палёту над гняздом зязюлі» на беларускую мову Аляксеем Знаткевічам — пазьней на сайце Свабоды.