Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Дзьмітрыеў не крытыкуе Лукашэнку, бо хоча інтэгравацца ў сыстэму, як ЛДПБ


У жывым эфіры на Фэйсбуку лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі растлумачыў адрозьненьні правацэнтрысцкай кааліцыі ад «Гавары праўду».

Анатоль Лябедзька адказаў на папрок сустаршыні «ГП» Андрэя Дзьмітрыева, што правацэнтрысцкай кааліцыі складана сфармуляваць адрозьненьні ад «Гавары праўду».

«Калі „Гавары праўду“ хоча інтэгравацца ў існуючую сыстэму, то мы ставім задачу зьмяніць гэтую сыстэму. Яна для нас непрымальная» — сказаў Лябедзька.

Другім адрозьненьнем палітык назваў самацэнзуру ў «Гавары праўду». Паводле яго, рух Дзьмітрыева пазьбягае крытыкі Аляксандра Лукашэнкі і канцэнтруецца на крытыцы дробнага чынавенства.

«Калі здараецца трагедыя ў Печах, то крайнім для вас зьяўляецца прэс-сакратар Мінабароны. А для нас гэта галоўнакамандуючы і міністар абароны. І за іх адстаўку мы зьбіраем подпісы», — сказаў Лябедзька.

Лябедзька абвінаваціў Дзьмітрыева ў тым, што, зводзячы дачыненьні паміж Беларусьсю і Захадам да эканамічных пытаньняў, «Гавары праўду» кансэрвуе сыстэму ў краіне.

«Мы выказваемся супраць гранту ў 300 тысяч эўра на падтрымку беларускай судовай сыстэмы. Сябры, якая судовая сыстэма? Што мы падтрымліваем? Эўразьвяз выдзеліў 7 мільёнаў эўра на мясцовае самакіраваньне. Пакажыце мне гэтае самакіраваньне. Ёсьць жорсткая вэртыкаль улады, якая душыць усіх іншадумцаў» — заявіў лідэр АГП.

Месца «Гавары праўду» на палітычнай сцэне ў Беларусі Лябедзька акрэсьліў побач з ЛДПБ.

«Вы вельмі блізкія — і па ўзроўні самацэнзуры, і па стаўленьні да ўлады, і па жаданьні ўбудавацца ў гэтую сыстэму».

Правацэнтрысцкая кааліцыя паўстала ўвосень 2015 году, у ёй удзельнічаюць рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG