Чарапук Ян (Янка) Антонаў. Нарадзіўся 12.08.1896 г. у м. Новы Двор Сакольскага пав. Горадзенскай губ. (цяпер вёска ў Сакольскім пав. Падляскага ваяводзтва, Польшча). Памёр 16.11.1957 г. у г. Чыкага (штат Ілінойс, ЗША). Пахаваны на могілках сьв. Войцеха ў Чыкага. Псэўданім: Янка Змагар.
Мы маем дзьве характарыстыкі Я. Чарапука. У Чыкага Я. Варонка «трусіць і трасецца», а «Чарапук ходзіць героем». Так пісаў у 1950 першы паваенны кіраўнік Рады БНР М. Абрамчык, які ня раз кантактаваў з Чарапуком асабіста. А Л. Сівіцкая у 1989 пісала, што ейны таварыш па Горадзенскім гуртку беларускай моладзі «ў Амэрыцы памёр як алькаголік». Праўда, Сівіцкая спасылалася на чыёсьці атрыманае ёю паведамленьне. Мы ж можам сказаць, што былая рэпэтытарка Чарапука дала веры непраўдзівай інфармацыі. У адным зь лістоў Л. Сівіцкая назвала сябра Рады БНР Чарапука адвакатам. Яшчэ трэба высьветліць, ці сапраўды ён вучыўся на юрыста ў імпэратарскім Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце, пра што паведамлялі некаторыя аўтары. Сам жа Чарапук пісаў, што ён скончыў гімназію Відэмана ў С.-Пецярбургу. А да гэтага, павучыўшыся ў гарадзкім вучылішчы ў родным мястэчку, ён з дапамогай Сівіцкай паступіў у Горадзенскую мужчынскую гімназію.
Рана далучыўшыся да беларускага руху, у 1917 Чарапук тым ня менш працаваў сакратаром украінскай місіі ў Петраградзе. Праўда, і зь беларускім рухам ён не парываў. Быў таварышам старшыні бліжэй не вядомага нам культурна-асьветнага таварыства «Вольныя беларусы». Апынуўшыся ў Кіеве, куды яго перавялі на працу ў міністэрства замежных спраў Украіны, Чарапук уваходзіў у тамтэйшую Беларускую Раду.
На беларускую службу Чарапук перайшоў у часе прэм’ерства А. Луцкевіча. 23.01.1919 надзвычайны пасол БНР пры ўкраінскім урадзе накіраваў яго ў Горадзен як дыпляматычнага кур’ера, а ўжо 1.02 ён быў прызначаны чыноўнікам для спэцыяльных даручэньняў пры МЗС БНР. Адначасова браў актыўны ўдзел у грамадзка-палітычных справах. У чэрв. 1919 увайшоў у прэзыдыюм Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны, але адразу пасьля Беларускага Зьезду Віленшчыны і Горадзеншчыны ён зь меркаваньняў бясьпекі мусіў выехаць у Літву.
З 29.08.1919 па 31.05.1920 займаў пасаду сакратара Вайскова-палітычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (потым місія будзе перайменавана ў Вайскова-дыпляматычную, ВДМ). У лістап. 1919 яго камандзіравалі ў Бэрлін. 21.12, калі вяртаўся зь Нямеччыны, літоўцы яго арыштавалі за нібыта фальшывы дыпляматычны пашпарт зь «літоўскім» гербам Пагоня. Цэлы месяц ён правёў у няволі.
11.03.1920 шэф ВДМ К. Езавітаў камандзіраваў Чарапука ў камісію дзеля вызначэньня межаў паміж Беларусьсю і Латвіяй. Праца камісіі была часова прыпынена, бо Езавітаў даў даручэньне Чарапуку і сакратару консульства БНР у Рызе Р. Казячаму не дапусьціць удзелу беларускіх грамадзян у расейскім зьезьдзе ў Рэвэлі. Ім даручалася арганізацыя ў Рэвэлі беларускай калёніі «ў нацыянальным напрамку». 24.03.1920 Езавітаў пісаў прадстаўніку РСФСР у Эстоніі, што сябар Рады БНР Чарапук упаўнаважаны уступіць у перамовы з прадстаўніцтвам бальшавіцкай Расіі ў Эстоніі, а ў наступным месяцы Чарапук разам з А. Ладновым, К. Дуж-Душэўскім і інш. быў уключаны ў склад дэлегацыі БНР для вядзеньня перамоваў з урадам РСФСР. Як упаўнаважаны МЗС БНР, у крас. і тр. 1920 ён працаваў у Рэвэлі (цяпер Талін).
Былы сябар Беларускай Сацыялістычнай Грамады і расейскай Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Чарапук у 1919 г. далучыўся да Беларускай партыі эсэраў. Ён прадстаўляў БПС-Р на канфэрэнцыі беларускіх сацыялістычных партый у Рэвелі (3–4.04.1920). Ад эсэраў уваходзіў у ініцыятыўную групу, а потым у арганізацыйнае бюро дзеля скліканьня Беларускай дзяржаўнай канфэрэнцыі ў Рызе. 31.05.1920 падпісаў рэзалюцыі канфэрэнцыі БПС-Р аб даверы палітыцы ўраду В. Ластоўскага і міністра замежных спраў Ладнова, а 1.06 браў удзел у канфэрэнцыі беларускіх дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў у Рызе.
На пачатку чэрв. 1920 Чарапука прызначылі сакратаром Надзвычайнай місіі БНР у РСФСР. Не атрымаўшы дазволу на ўезд у Расею, ён зноў працаваў у Рэвэлі. Пасьля таго, як місія скончылася правалам, Чарапук стаў старшынёй дэлегацыі БНР на маючай адбыцца канфэрэнцыі балтыйскіх дзяржаў у Рызе (насамрэч у на курорце Більдэрлінгсгоф^; цяпер Булдуры). Гэта была 2-я такая канфэрэнцыя. На 1-й — у Фінляндыі — БНР прадстаўлена не была. Каб БНР стала ўдзельніцай канфэрэнцыі ў Рызе, патрабавалася згода на тое ўсіх удзельнікаў 1-й канфэрэнцыі. Супраць удзелу БНР у 2-й канфэрэнцыі выступіла Літва. Прычына: дамова 12.07.1920 паміж Літвой і РСФСР, паводле якой Расея аддавала Літве значную частку этнічна беларускай тэрыторыі. Урад БНР не прызнаваў за Літвою такое права, а Літва не прызнавала БНР.
У верас. 1920 Чарапук спачатку быў прызначаны дэлегатам БНР у Рызе, дзе пачалася польска-расейска-ўкраінская мірная канфэрэнцыя, а потым — упаўнаважаным для сувязі з польскай дэлегацыяй на канфэрэнцыі. 20.10.1920 браў удзел у нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Рызе, якая была склікана ў сувязі замірэньнем і прэлімінарнымі ўмовамі міру паміж Польшчай і РСФСР, а таксама ў сувязі са стварэньнем г. зв. Сярэдняй Літвы.
У канцы 1920 — пачатку 1921 Чарапук жыве то ў Рызе, то ў Коўне, то ў Вільні. Ён ажыцьцяўляе сувязь паміж рознымі групамі беларускіх дзеячаў. У верас. 1921 ён становіцца в. а. консула БНР у Коўне, а пазьней — сакратаром Дыпляматычнага прадстаўніцтва БНР у Літве.
Тым часам у сьнеж. 1920 у падсавецкім Менску адбыўся зьезд эсэраў, які падтрымаў курс на супрацу з бальшавікамі. І Чарапука выключылі з партыі. Аднак сацыялісты-рэвалюцыянэры, якія жылі за мяжою, не прызналі гэтае рашэньне. Калі ў лют. 1921 у Коўне была створана Загранічная група БПС-Р, Чарапук стаў сябрам камітэту гэтае групы. У верас. 1921 як прадстаўнік партыі браў удзел у 1-й Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе, якая прызнала адзіным заканадаўчым органам Беларусі Раду БНР, а адзінай законнай уладай — Урад БНР.
У чэрвені 1922 г. як прадстаўнік ураду БНР Чарапук выехаў у ЗША. Разам са сваім бацькам, Я. Варонкам і каталіцкім сьвятаром Янам Тарасэвічам ён стаў пачынальнікам арганізаванага беларускага культурніцкага і палітычнага руху ў ЗША. Як каталік Чарапук быў сябрам арганізацыі «Рыцары Калюмба» і меў найвышэйшую, 4-ю, ступень рыцарства.