Нобэлеўская прэмія міру за 2017 год афіцыйна ўручана 10 сьнежня Міжнароднай кампаніі за забарону ядзернай зброі на цырымоніі ў сталіцы Нарвэгіі.
Выканаўчы дырэктар Міжнароднай кампаніі за зьнішчэньне ядзернай зброі (ICAN) Бэатрыс Фін прысутнічала на цырымоніі ўзнагароджаньня ў мэрыі Осла ў суправаджэньні Сэцука Тэрлоў зь Японіі, якая перажыла атамнае бамбаваньне Хірасімы ў 1945 годзе і стала актывістам руху за зьнішчэньне ядзернай зброі.
Абвясьціўшы пераможцу сёлетняй прэстыжнай прэміі ў кастрычніку, нарвэскі Нобэлеўскі камітэт вітаў працу ICAN па «прыцягненьні ўвагі да катастрафічных гуманітарных наступстваў любога прымяненьня ядзернай зброі» і яго «наватарскія намаганьні ў дасягненьні забароны на такую зброю на аснове дамоваў». Жэнэўская арганізацыя ICAN пачала сваю дзейнасьць у 2007 годзе і налічвае агулам 468 партнэрскіх арганізацый у 101 краіне.
Пазьней, 10 сьнежня, Нобэлеўскія прэміі ў мэдыцыне, фізіцы, хіміі, літаратуры і эканоміцы маюць быць уручаныя ляўрэатам 2017 году на цырымоніі ў сталіцы Швэцыі, Стакгольме.
Кожная прэмія складае 9 мільёнаў швэдзкіх крон (1,1 мільёна даляраў). Цырымоніі ўзнагароджаньня традыцыйна праводзяцца 10 сьнежня, у гадавіну з дня сьмерці швэдзкага прамыслоўца Альфрэда Нобэля, які заснаваў прэмію.