Нягледзячы на тое, што «чарнавыя» работы, як кажуць рабочыя на рэстаўрацыі царквы, ужо скончыліся, але ўкласьціся ў тэрмін і скончыць рэстаўрацыю да Новага году ня ўдасца.
Паводле майстра рабочай брыгады Леаніда Барысіка, складанасьць у тым, што раней ніколі не даводзілася займацца падобнай працай, таму яна вядзецца павольна і асьцярожна. Канчатковую дату рэстаўрацыі будаўнікі назваць ня могуць.
Ужо на пачатку рэстаўрацыйных работ рабочыя сутыкнуліся з тым, што вонкавая сьцяна Каложы, якую мяняюць, прасела на 34 см уніз, на 24 см ад’ехала ў бок Нёмана і па дыяганалі на 9 см распаўзлася.
«Мы выводзілі нанова сьцяну, паставілі яе на месца. Вельмі складаная праца, для нас нестандартны аб’ект, вельмі працаёмкі, і мы прытрымліваемся пры гэтым усіх нормаў архітэктуры, а таксама працуем згодна з дакумэнтацыяй, распрацаванай інстытутам «Гроднаграмадзянпраект», — адказна заяўляе Леанід Барысік.
Паводле майстра, цяпер яны распачынаюць дэкаратыўнае адстройваньне сьцяны, і гэта таксама будзе патрабаваць часу болей, чым плянавалася раней, паколькі замяраецца кожная дошка, прычым па некалькі разоў. Матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца пры рэстаўрацыі Каложы, паводле Барысіка, самыя сучасныя.
Сьцяна Каложы будзе абшыта дошкамі з тэрмамадыфікаванай беларускай хвоі. Дошка апрацаваная спэцыяльным алеем і здолее вытрымліваць перапады тэмпэратуры, узьдзеяньне ультрафіялету і вільгаці.
Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, Каложу па-ранейшаму наведваюць вернікі і турысты.