Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты прапануюць уладам супольна адсьвяткаваць стагодзьдзе БНР


Пасяджэньне ініцыятыўнай групы дзеля сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пасяджэньне ініцыятыўнай групы дзеля сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

У Гомелі дэмакратычныя актывісты стварылі ініцыятыўную групу дзеля сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. У яе ўвайшлі звыш двух дзесяткаў гісторыкаў, кіраўнікоў грамадзкіх арганізацый, пісьменьнікаў, журналістаў.

На першым паседжаньні, якое адбылося ўвечары 5 сьнежня, вырашылі зьвярнуцца да мясцовых уладаў, каб супольна адзначыць велічны для беларускай дзяржаўнасьці юбілей.

Доктар гістарычных навук, прафэсар Рыгор Лазько на сходзе ініцыятыўнай групы зазначыў:

«Наўрад ці трэба бясконца паўтараць: „Мы за незалежнасьць“. Незалежнасьць — гэта аксіёма! У нас ёсьць дзяржава, мы ўсе за тое, каб яна існавала і ўмацоўвалася. І само сабою зразумела, што трэба ставіцца нэгатыўна да тых, хто падае хоць нейкія прыкметы непрыхільнасьці да незалежнасьці нашай дзяржавы».

Аднак, на думку прафэсара, спадзявацца толькі на дзяржаву не выпадае. Варта яе падсілкоўваць, нават падштурхоўваць, будучы звычайнымі грамадзянамі. Паводле яго, далучыцца да сьвяткаваньня маюць навучальныя ўстановы, бібліятэкі, музэі, таварыства «Веды» — і гэтаму павінны паспрыяць уладныя структуры, да якіх рыхтуецца зварот ініцыятыўнай групы.

«Мы ня маем права адзначаць юбілей кулюарна, неяк хаваць яго. У нашых падручніках, зацьверджаных Міністэрствам адукацыі, ёсьць гэтая дата, апісаныя падзеі, зьвязаныя з абвяшчэньнем БНР. Падтрымліваю ідэю правядзеньня навуковых канфэрэнцыяў, „круглых сталоў“. Добра было б, каб кожная навучальная ўстанова гэта зрабіла, пачынаючы з унівэрсытэтаў», — дадаў кандыдат гістарычных навук Генадзь Аляксейчанка.

Навуковец доўгія гады ўваходзіць у склад гарадзкой тапанімічнай камісіі і лічыць, як і ягоная каляжанка Валянціна Лебедзева, што варта вярнуцца да наданьня гомельскім вуліцам імёнаў выбітных беларускіх дзеячоў. У прыватнасьці, народнага сакратара апекі БНР, ураджэнкі Навабеліцы Палуты Бадуновай. Вярнуць у тапаніміку гораду абавязкова трэба й імя Кастуся Каліноўскага.

«Юбілей мае стаць сьвятам для беларусаў, — кажа настаўніца й сьпявачка Вальжына Цярэшчанка. — Я сама абнаўляю рэпэртуар і гатовая выступаць з канцэртам у любой аўдыторыі. Думаю, мяне падтрымаюць Андрусь Мельнікаў, Сяржук Вінаградаў — усе творцы, якім дарагая гісторыя роднай Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG