Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы папярэдняга расьсьледаваньня пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суду (Гааскі трыбунал, Нідэрлянды), апублікаванай 4 сьнежня.
«У кантэксьце падзеяў на ўсходзе Ўкраіны канцылярыяй пракурора зафіксавана больш за 1200 выпадкаў магчымага ўчыненьня злачынстваў пасьля 20 лютага 2014 году», — гаворыцца ў дакумэнце.
Міжнародны крымінальны суд адзначае, што падчас канфлікту загінула каля 10 225 чалавек, былі параненыя 24 541 чалавек. У прыватнасьці, у пэрыяд з красавіка 2014 году па жнівень 2017 году былі забітыя ня менш за 2505 цывільных асобаў.
Канцылярыя пракурора працягвае разглядаць заявы пра тое, што Расея ажыцьцяўляла і ажыцьцяўляе агульны кантроль над ўзброенымі групамі на ўсходзе Ўкраіны, каб высьветліць, ці можна разглядаць гэты ўзброены канфлікт паміж Узброенымі сіламі Ўкраіны і антыўрадавымі ўзброенымі групамі як міжнародны.
У справаздачы адзначаецца, што факт існаваньня «адзінага міжнароднага ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны» прадугледжвае ўжываньне адносна адпаведнага пэрыяду артыкулаў Рымскага статуту, якія тычацца ўзброеных канфліктаў міжнароднага характару.
Пракуратура Гааскага суду працягвае вызначэньне ключавых характарыстык канфлікту і магчымых дзеяньняў бакоў канфлікту, у прыватнасьці вызначэньне тэрыторыяў, якія найбольш закрануў канфлікт, часавых рамак, тыповых ахвяраў, а таксама колькасьці забітых і параненых.
Раней у справаздачы за 2016 году пракуратура Міжнароднага крымінальнага суду паказала, што лічыць сытуацыю ў анэксаваным Крыме раўназначнай міжнароднаму ўзброенаму канфлікту паміж Украінай і Расеяй.
8 верасьня 2015 году Ўкраіна падала заяву ў Гааскі суд аб злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах, учыненых Расеяй і тэрарыстычнымі арганізацыямі ДНР / ЛНР, якія прывялі да цяжкіх наступстваў і масавых забойстваў.