Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяці Івана Макаловіча


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Я зайшоў у кабінэт галоўнага рэдактара «Звязды», здаецца, гэта быў год 1987 ці 1988, Іван Макаловіч сядзеў за сталом і чытаў гранкі заўтрашняй газэты, мяняў словы, выкрэсьліваў загалоўкі, ставіў свае — ён быў упарты рэдактар, нешматслоўны, сухаваты, стрыманы, крыху іранічны што да прыгажосьцяў стылю, якімі грашылі маладыя журналісты, і гранкі з-пад яго пяра выходзілі моцна пакрэмзаныя. Я не заўсёды пагаджаўся зь яго праўкамі, няма такіх аўтараў, якія заўсёды пагаджаюцца (і правільна робяць, дадам я тут ужо ад сябе як ад рэдактара таксама).

Памятаю, пад час выпрабавальнага тэрміну, гадоў шэсьць перад тым, мяне паслалі ў камандзіроўку ў нейкі калгас напісаць пра касьбу. Я напісаў нататку, яе завярсталі на першую паласу, прынесьлі мне на вычытку — з пачварным, як на маю думку, загалоўкам «Слова рубля даражэй». Такімі слоганамі тады былі забітыя ўсе раённыя, абласныя і рэспубліканскія газэты. Я набраўся духу, пайшоў да Макаловіча, які тады быў намесьнікам галоўнага рэдактара, і папрасіў вярнуць мой загаловак «Што каса любіць» (у тэксьце цытавалася вясковая мантра, што каса любіць брусок і сала кусок). Ён іранічна, як мне падалося, глянуў на мяне, нешта буркнуў — і памяняў загаловак. Рэдактар, Аркадзь Тоўсьцік, потым сказаў мне, што вырашыў узяць мяне на працу вось за тую нататку, бо напісана была па-чалавечы (вось якая сіла сала).

Цяпер Макаловіч быў галоўным рэдактарам, але я зайшоў да яго не спрачацца пра чарговы загаловак ці эпітэт (спрэчкі гэтыя працягваліся, часам зацята), а пазваніць. У галоўнага рэдактара галоўнай рэспубліканскай газэты стаяла вяртушка — спэцыяльны тэлефон для вышэйшай намэнклятуры, па якім лёгка было зьвязвацца начальству паміж сабой, а таксама рабіць міжгароднія званкі. Дазваніцца ў які-небудзь раён часта было цяжка, і журналісты дэмакратычна карысталіся рэдактарскім спэцтэлефонам — кабінэт Макаловіча быў адкрыты, у яго не было начальніцкай пыхі, ён не любіў, калі яе выказвалі іншыя, трымаўся годна і на роўных і з падначаленымі, і з начальствам.

Ён мне кіўнуў, я ўзяў даведнік спэцтэлефонаў, знайшоў нумар тагачаснага старшыні КДБ Балуева і набраў чатыры лічбы. Генэрал адразу ўзяў трубку, я назваўся, і сказаў, што званю, каб паскардзіцца на яго падначаленых. Справа была ў тым, што я тады шмат пісаў пра рэпрэсіі, у тым ліку пра былога старшыню Савета міністраў БССР Мікалая Галадзеда, які скончыў самагубствам у двары Менскага КДБ у 1937, а мне не паказваюць яго справу. Нават горш, казаў я генэралу, хлусяць у вочы, што яе няма. А на двары перамены, вяртаньне гістарычнай праўды, вы што ж, супраць палітыкі перабудовы і галоснасьці? Супраць Гарбачова?..

Макаловіч даўно кінуў гранкі і слухаў мой маналёг зь яўным зацікаўленьнем. Генэрал паспрабаваў сказаць, што справы ў іх няма, але я яго перабіў і паведаміў, што яна ня толькі ёсьць, але я яе бачыў і нават трымаў у руках. Мне яе паказалі ў пракуратуры, у аддзеле па нагляду за КДБ, неяк так ён называўся, паказалі — але папрацаваць не далі, адправіўшы ў КДБ.

Балуеў пасьля кароткай паўзы сказаў — добра, з вамі зьвяжуцца. Я паклаў трубку. Макаловіч глядзеў на мяне амаль з замілаваньнем:

— Цябе арыштуюць проста ў маім кабінэце, — сказаў ён. Прычым, як мне падалося, нават радасна.

Насамрэч яму такія рэчы падабаліся, і я ня раз быў сьведкам, як ён мог рэзка абарваць высокага чына з ЦК, які раіў не друкаваць мае сталінскія дасьледаваньні, адразу ставіў у нумар лісты ахвяраў, надрукаваў упершыню ў Савецкім Саюзе біяграфію Хрушчова Роя Мядзьведзева, якую я прывёз ад аўтара з Масквы. І з КДБ мне потым пра справу Галадзеда тое-сёе ўсё ж далі. Калі яго аднойчы прыціснулі з ЦК, што мяне трэба звальняць за розную нефармальную актыўнасьць, ён знайшоў выйсьце — перавёў мяне ў аддзел спорту, я стаў спартовым карэспандэнтам, але ніводнага радка пра галы і рэкорды не напісаў...

Гаворка тут не пра ідэалізацыю чалавека задняй датай. «Звязда» і пад кіраўніцтвам Макаловіча друкавала розную лухту, кшталту падрыхтаванага ў ЦК опусу пра «Талаку» ды іншых пачвараў беларускага нацыяналізму. Свабоднай газэты ў несвабодным грамадзтве ня можа быць, пагатоў газэты дзяржаўнай, партыйнай, афіцыйнай. Але ў пэўны час больш важным за статус становіцца рух, яго кірунак, і пры гэтым рэдактары газэта рухалася да свабоды.

Іван Макаловіч быў прыстойным чалавекам і сьмелым рэдактарам, час якога насамрэч пачаўся зь перабудовай і рэзка пайшоў угору, каб спыніцца занадта хутка, у сярэдзіне 1990-х. Калегі ў «Народнай волі», дзе ён працаваў пасьля парлямэнцкай «Народнай газеты», а перад тым старшынём Дзяржкамдруку, згадваюць яго самымі цёплымі словамі.

Такім, як Макаловіч, беларускім мэнэджэрам старэйшага пакаленьня, розных сфэраў, беларускамоўным, сумленным, працавітым, не было месца ў прэзыдэнцкай Беларусі.

Яно заўсёды было, ёсьць і будзе ў той Беларусі, дзеля якой Іван Макаловіч працаваў да апошняга дня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG