Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы як міленькія прагаласуюць за прэзыдэнта-эмігранта


Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст лічаць, што чалавек, які вернецца ў Беларусь з эміграцыі, ня мае шанцаў стаць яе прэзыдэнтам. Мае, і яшчэ якія.

На пачатку рэмарка: мы гаворым пра сытуацыю, калі ў Беларусі будуць справядлівыя выбары. А калі яны нарэшце стануць фактам, то Беларусь ужо ня будзе такой, якой мы яе ведаем сёньня. У гэтай сытуацыі шанцы кожнага патэнцыйнага кандыдата выраўніваюцца.

На пачатку 1990-х савецкія стэрэатыпы, закрытыя межы і поўнае няведаньне замежжа паставілі б крыж на такім кандыдаце. Любы беларус, нават брыгадзір калгасу, мог бы з лёгкасьцю пакласьці на лапаткі беларускага выпускніка Гарварду, мільянэра зь бялюткімі зубамі і жонкай мадэльнай прыгажосьці, якія б прыляцелі ў вышыванках і паабяцалі ўсім другую Амэрыку.

Але мінула чвэрць стагодзьдзя. Колькі б хто не крытыкаваў Беларусь, але гэта ўжо ня тая краіна, якой яна была ў 1991 годзе. Беларусам падабаецца заходні стыль жыцьця, яны падарожнічаюць па сьвеце, вывучаюць замежныя мовы, заканчваюць прэстыжныя заходнія ўнівэрсытэты або проста любяць айфоны і вераць, што некалі здымуць шосты сэзон Brеaking Bad. Яны вяртаюцца жыць і працаваць у Беларусь або жывуць за мяжой і вядуць бізнэс зь Беларусьсю.

Сёньня беларус, які жыве за мяжою, можа лятаць на радзіму хоць штодзённа, узяць таксоўку зь лётнішча і ведаць, што таксіст яго не ашукае, бо ён ведае рэальныя цэны і разьбіраецца ў рэаліях жыцьця.

Усё гэта, чаго не было ў 1991 годзе, павышае шанцы кандыдата-эмігранта. Уявіце, што за прэзыдэнцкае крэсла будзе змагацца не кіраўнік умоўнага Амэрыканскага кангрэсу беларусаў, а дырэктар ці дырэктарка IT-кампаніі з «крэмніевай даліны», які/якая ў 2003 годзе скончылі БДУІР. Прадукты яе/яго кампаніі купіў Google, і яна/ён паехалі на «Дзікі Захад», каб павысіць кваліфікацыю і паглядзець на сьвет.

Наш герой працаваў у Каліфорніі больш за 10 гадоў, а ў 2022 годзе, за тры гады да чарговых выбараў, пераносіць сваю кампанію ў Беларускі парк высокіх тэхналёгіяў. Вяртаецца на радзіму зь беларускім пашпартам, бездакорнай ангельскай мовай, досьведам працы ў самай інавацыйнай краіне сьвету.

Яна/ён носяць кашулю з далікатным арнамэнтам на каўнеры, гадзіньнік, які распрацавала іх беларуская фірма. Наш кандыдат ці кандыдатка размаўляюць у асноўным па-расейску, але публічна кажуць, што беларуская мова — гэта крута, модна і што трэба паволі, без гвалту, вяртаць яе да жыцьця.

Палітык заклікае не сварыцца з Расеяй, але і пільнаваць свае інтарэсы ў стасунках з Масквой, «як належыць добрым суседзям». Прапануе не сьпяшацца ў Эўразьвяз, але будаваць дзяржаву паводле найлепшых эўрапейскіх узораў. Ён ці яна можа асадзіць літоўскага эўрадэпутата, які крытыкуе Беларусь, а можа дасьціпнай рэплікай патроліць прэм’ера Расеі. У прэзыдэнцкай камандзе былога эмігранта — пасьпяховыя мэнэджэры, якія ніколі не былі эмігрантамі, дарадцы — рээмігранты, а пасаду прэм'ера ён публічна прапануе былому паслу ў Кітаі. Яна/ён заклікаюць захаваць лепшае з пэрыяду да іх, але ісьці наперад.

У яе/яго лецішча на Палесьсі, зь вялізнай цяпліцай агуркоў. Ён ходзіць у грыбы ў форме колеру хакі і дапамагае суседзям калоць дровы. Яна катае вясковых дзяцей на бацькавым «мінскачы» і праводзіць бясплатныя лекцыі па ангельскай мове і інфарматыцы. Яны дапамагаюць рэстаўраваць царку ў вёсцы дзядоў, але падкрэсьліваюць, што Беларусь мае заставацца сьвецкай дзяржавай.

9 траўня кандыдат зь сям’ёй, у якой трое дзяцей, ускладае кветкі ля мэмарыялу ў Хатыні, а 29 кастрычніка едзе з букетам кветак у Курапаты.

«Мы, усе тыя, хто стваралі Viber, World of Tanks, далі сьвету інавацыі, доўгі час жылі за мяжой. Хопіць аддаваць нашыя сілы і розум чужым краінам. Нашае месца тут, на зямлі, за якую з крывёй і потам змагаліся для нас паўстанцы Каліноўскага, стваральнікі БНР і БССР, змагары з нацызмам і героі нашай дзяржавы ў найноўшай гісторыі. Разам зь мільёнамі беларусаў, якія заставаліся тут, і верылі ў Беларусь, мы мусім ісьці наперад, аддаць усе свае веды, каб сьвет зайздросьціў марцы Made in Belarus, бясьпечнай і камфортнай краіне, якую мы ўсе разам пабудуем»

Вы сапраўды верыце, што такі кандыдат ня мае шанцаў? А я нават веру, што і многія з вас аддалі б за такога кандыдата свой голас.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG