Лідэры краінаў арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (Расея, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан) пацьвердзілі свой удзел у саміце АДКБ у Менску.
Напярэдадні сэсіі Савету калектыўнай бясьпекі адбудзецца сумеснае пасяджэньне Савету міністраў замежных спраў, Савету міністраў абароны і камітэту сакратароў Саветаў бясьпекі краінаў АДКБ.
Вядома, што 29 лістапада, напярэдадні саміту, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка правядзе афіцыйныя перамовы з прэзыдэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым, які 29-30 лістапада наведае Беларусь з афіцыйным візытам. Перамовы заплянаваныя ў вузкім і пашыраным складах, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
На саміце будуць падведзеныя вынікі беларускага старшынства ў АДКБ у 2017 годзе. Беларусь хоча ўзмацніць уплыў арганізацыі на міжнароднай арэне, павысіць гатоўнасьць Калектыўных сілаў, гарантаваць эканамічную бясьпеку дзяржаваў-сябраў АДКБ.
Беларусь цяпер старшынюе ў АДКБ. Дамове сёлета споўнілася 25 гадоў. Першапачаткова ў АДКБ удзельнічалі таксама Азэрбайджан, Грузія і Ўзбэкістан, але яны пакінулі арганізацыю.