Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гаспадыня браслаўскай кавярні ўвасобіла мару беларускіх «адраджэнцаў» 1990-х


Кавярня на беразе возера
Кавярня на беразе возера

На выезьдзе з бадай што самага вядомага курортнага гораду Беларусі ўзбоч дарогі стаіць дамок, змураваны зь вялікіх валуноў. Зграбны двухпавярховік нельга не заўважыць: ён такі адзін, і стаіць на самым беразе вялікага возера Дрывяты.

«У нас самае прыгожае ў горадзе месца для сэлфі», — сьмяецца Юлія Цярэнцьева, гаспадыня кавярні, якая месьціцца ў дамочку. Над уваходам так і напісана — «Кавярня», бо лепшай назвы за ўжо звыклую ўсё адно не прыдумаць.

Юлія Цярэнцьева
Юлія Цярэнцьева

«Кавярня тут была здаўна. Увогуле гэты дамок будавалі нашы беларускія майстры і нашы браслаўскія патрыёты, сярод якіх быў Кастусь Шыдлоўскі, краязнаўца, былы супрацоўнік музэю. Цяпер ён жыве ў Польшчы, стаў выкладчыкам... Ягоны аднадумца Валеры Зянкевіч прыдумаў такую назву, „Кавярня“, бо яшчэ ў тыя 1990-я гады ў хлопцаў была мара зрабіць у Браславе беларускі куток, каб тут зьбіраліся цікавыя людзі.

Але тыя мары да канца ня спраўдзіліся, хаця да 2013 году кавярня па-ранейшаму працавала як установа грамадзкага харчаваньня. Потым некалькі год тут нічога не было, бо ў нашым Браславе ніхто не вырашаўся ўзяць будынак у арэнду: тут жа ўвосень і ўзімку „мёртвы сэзон“, няма турыстаў. Але я наважылася. І каб арэндаваць саму кавярню, і каб стварыць тут арт-прастору, пляцоўку для выступаў мясцовых творцаў», — апавядае спадарыня Юлія.

Сувэнірная палічка
Сувэнірная палічка

У «кавярні» стала працуюць 3 чалавекі, яшчэ двое — на стадыі стажыроўкі. Што да «харчовага» боку справы, то Юлія Цярэнцьева набыла новае абсталяваньне для кухні, і імкнецца, каб «тут можна было проста і смачна паесьці». Таму ў мэню «Кавярні» — стравы беларускай нацыянальнай кухні — салянка, боршч, бабка, дранікі. А таксама пірагі, якія пякуць паводле ўласных рэцэптаў дзяўчаты-кухаркі. І піцца — бо гэта вельмі запатрабаваная страва як для кіроўцаў, што спыняюцца ў кавярні пры дарозе, так і для дзіцячых ці моладзевых імпрэзаў.

«Кавярня» — гэта ня толькі ежа, але і арт-прастора

Пірагі паводле аўтарскіх рэцэптаў
Пірагі паводле аўтарскіх рэцэптаў

Імпрэзаў тут бывае багата, кажа Юлія Цярэнцьева:

«Мы імкнёмся што-небудзь праводзіць кожную нядзелю, і робім спробы зацікавіць розных людзей — і паводле ўзросту, і паводле густаў. Я ад пачатку хацела, каб людзі, якія прыходзяць сюды, маглі атрымаць асалоду, няхай сабе ад самых простых рэчаў — ад жывога агню ў каміне, ад размоваў, паглядзець на прыгожыя малюнкі або фотаздымкі. Каб сюды прыходзілі сем’ямі, зь дзецьмі, і ўсім было цікава.

Гатовыя мы да любога супрацоўніцтва — з музыкамі, з бардамі, зь літаратарамі, з мастакамі. Рабілі мы і дзіцячыя ранішнікі, і сустрэчу зь мясцовымі краязнаўцамі- аматарамі, у нас праходзяць выставы, у нас жа сьвяткавалі ўгодкі мясцовага інтэрнэт-рэсурсу braslaw.by».

У «Кавярні» рыхтуюцца да дзіцячага сьвята
У «Кавярні» рыхтуюцца да дзіцячага сьвята

Інтэрнэт-рэсурсам апякуецца мясцовы актывіст Гальляш Сялява, натхняльнік і арганізатар шмат якіх грамадзкіх справаў у Браславе. Разам зь Цярэнцьевай яны ўвасабляюць у гэтую задуму: зрабіць так, каб Браслаў у не курортны сэзон не ўпадаў у летаргію.

Сялява перакананы, што «засынаць на зіму» Браслаў не павінны:

Гальляш Сялява
Гальляш Сялява

«У нашым гарадку жыве каля 10 тысяч чалавек. Улетку, вядома, насельніцтва падвойваецца — так шмат бывае прыежджых. У цёплы час тут ладзяцца фэсты, канцэрты, аджывае гандаль. Але — колькі ў Беларусі цёплых месяцаў? Доба, калі тры. А ў астатні час — што людзям рабіць, калі тут ёсьць праблемы як з працаўладкаваньнем, так і з баўленьнем часу «для душы»?

«Кавярня» мусіць стаць такім месцам у горадзе, дзе чалавеку павінна быць і прыемна, і цікава. Таму Цярэнцьева арганізавала тут і дзіцячы куток, і продаж кніг ды сувэніраў — вырабаў мясцовых майстроў. Чаго няма ў харчовай кропцы — дык гэта моцнага алькаголю. У лядоўні стаіць хіба толькі піва, і гэта прынцыповая пазыцыя гаспадыні.

У «Кавярні» няма моцнага алькаголю, затое шмат гатункаў гарбаты
У «Кавярні» няма моцнага алькаголю, затое шмат гатункаў гарбаты

Каб пасяліцца ў Браславе, гаспадыня «Кавярні» прадала кватэру ў Менску

Зрэшты, аповед пра Цярэнцьеву і яе ініцыятыву будзе няпоўным, калі не згадаць яе «вяртаньне ў Браслаў» разам з сям’ёй — трыма дзецьмі і мужам, вядомым беларускім адвакатам Станіславам Абразеем.

Менск — абсалютна ня той горад, у якім зручна жыць з сям’ёй, перакананая яна:

«Мае дзяды жылі на Браслаўшчыне, я ж вырасла ў Менску. Прыяжджала сюды хіба на вакацыі. Браслаўскія мясьціны заўжды былі для мяне дарагія, а жыць ва Ўруччы ў „двухпакаёўцы“ — гэта зусім ня тое, што мець уласны куток, уласную гаспадарку... Таму мы вырашылі карэнным чынам зьмяніць сваё жыцьцё, і тры гады таму абмянялі менскую кватэру на добры дом каля возера ў вёсцы Зарачча. Вельмі падтрымаў мяне ў гэты мой муж. Ён у мяне такі „Бэтмэн“: у любы час сутак ляціць па справах, да кліентаў. І выдатна, што тут мы маем, дзе яму можна добра адпачыць. Бо праца адваката цяжкая».

Папулярызацыя рэгіёну
Папулярызацыя рэгіёну

Пераездам Цярэнцьева задаволена. Ёй падабаецца мясцовая адукацыя — у школах, дзе вучацца дзьве старэйшыя дачкі, вельмі добрыя настаўнікі, адданыя сваёй прафэсіі. Зусім іншае, больш чулае ў параўнаньні са сталіцай, стаўленьне да выхаванцаў і дзіцячым садку, куды ходзіць сын, — меншыя групы, кожнаму дзіцяці дастаецца шмат увагі. А дзіцячыя лекары дык і ўвогуле памятаюць маленькіх пацыентаў у твар і па імёнах, не кажучы ўжо пра гісторыі хваробаў...

«Творчая энэргія — самая стваральная»

Гісторыю свайго зьяўленьня ў Браславе Цярэнцьева не аднойчы распавядала журналістам. Дарэчы, яна й сама — былая журналістка, працавала ў часопісе «Переходный возраст», вяла рубрыку «Время любви». Праўда, потым давялося працаваць і капірайтарам і тэхнічным рэдактарам, і аднойчы прыйшло расчараваньне ў прафэсіі. Але засталася прага дапамагаць людзям, кажа гаспадыня «Кавярні»:

У Юліі яшчэ шмат мараў і плянаў
У Юліі яшчэ шмат мараў і плянаў

«Я ведаю, што творчая энэргія — самая моцная, самая стваральная. І я вельмі люблю людзей, у якіх ёсьць творчы запал. Запалу мяняць нешта ў жыцьці хапае і ў мяне. Мы, гарадзкія жыхары, цяпер трымаем гаспадарку, навучыліся рабіць тварог і масла. Хацела б арганізаваць гандаль фэрмэрскай прадукцыяй, не толькі сваёй, а ўвогуле. Яна зараз мае высокі попыт, асабліва ў замежных турыстаў. Але пакуль ня ведаю, як да гэтага падступіцца.

Яшчэ ў мяне была мара адчыніць цэнтар сямейнага адпачынку: для гэтага мы ўжо нават выкупілі будынак старой школы часоў Пілсудзкага ў вёсцы Пеліканы. Было спадзяваньне на замежнага інвэстара, які зацікавіўся гэтай ідэяй. Але праз бюракратычныя перашкоды пакуль не ўдаецца ўвасобіць мару ў жыцьцё».

Увогуле ж Юлія ўпэўнена, што турыстычны патэнцыял Браслаўшчыны на сёньняшні дзень у большай ступені ігнаруецца. Вінаватыя ў гэтым і цяжкія эканамічныя ўмовы, і складаныя бюракратычныя падыходы, і тое, што людзі баяцца праяўляць самастойнасьць. Каб пераканаць у адваротным, і патрэбная «Кавярня» — дзе кожны ахвотны можа паказаць свае творчыя здольнасьці, а ўсе разам — адчуць сябе вольнымі людзьмі, якім добра і ўтульна на малой Радзіме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG