Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы ж самі дазволілі»


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Апошнім часам стаў папулярным выраз «а ў мяне лапкі». Яго ўжываюць тады, калі хочуць зьняць з сябе адказнасьць за нешта. Выраз жартаўлівы, адсылае нас да такіх папулярных у інтэрнэце коцікаў, але часам зусім ня сьмешна.

На мінулых выходных у Менску прайшоў фэстываль «Знак роўнасьці», на якім быў сярод іншага і інтэрактыўны спэктакль «Мова Х», створаны на вершы Вальжыны Морт. Адзін з гледачоў падчас спэктаклю вырашыў, што правесьці акторцы «па азадку ўздоўж сьпіны» (як гэта апісвае Крысьціна Бандурына), — гэта таксама прымальная форма інтэракцыі.

Найбольш тут мяне абурае рэакцыя: «Ну, гледачоў жа заклікалі браць удзел у спэктаклі». Вось яны — тыя самыя лапкі. Мужчына не вінаваты ў тым, што аблапаў акторку, бо, раз яго заклікалі да актыўных дзеяньняў, значыцца, далі дазвол і на гэта.

Xіба дарослым людзям трэба тлумачыць, што праводзіць рукой па азадку акторкі — гэта кепская ідэя?

Ізноў бачым стары «добры» прынцып «сама дура вінаватая». Ізноў чалавек, які парушае чужыя межы, нейкім чынам аказваецца ледзьве не ахвярай сытуацыі. Вось кажуць, што было б добра, каб перад пачаткам інтэрактыўнага спэктаклю гледачам і глядачкам патлумачылі межы дазволенага. Але хіба дарослым людзям трэба тлумачыць, што праводзіць рукой па азадку акторкі — гэта кепская ідэя? Чаму адказнасьць за дзеяньні гэтага мужчыны перакладваецца (часткова альбо цалкам) на саму акторку і яе калегаў і каляжанак?

Хвілінка прапісных ісьцін: згода на камунікацыю ня значыць аўтаматычна згоду на званкі а трэцяй ночы, прапанова супрацоўнічаць ня значыць аўтаматычна прапанову ахвяраваньня асабістым жыцьцём на карысьць праекту, а згода на сэкс ня значыць аўтаматычна згоду на садысцкія практыкі. Пра званкі, працоўныя і асабістыя прыярытэты і позы для сэксу можна дамовіцца. Але пакуль дамовы няма, дык і пераходзіць межы разумнага нельга.

Вядома ж, можна спрачацца, што сучаснае мастацтва шмат дазваляе гледачу, і ні пра якую прыстойнасьць там ужо няма гаворкі. Але гэта спроба узваліць адказнасьць за дзеяньне на каго заўгодна, але не таго чалавека, які гэтае дзеяньне зрабіў. Гэты чалавек нібыта становіцца закладнікам «заблытаных сучасных камунікацый». І ўвогуле «ў яго лапкі».

Мы вельмі проста адмаўляемся ад маральных межаў і робім непрымальныя рэчы, калі атрымалі на гэта хоць нейкі дазвол.

У 1974 годзе мастачка Марына Абрамавіч зладзіла пэрфоманс «Рытм 0», — на працягу шасьці гадзін гледачам можна было рабіць зь ёй што заўгодна з дапамогай 72 прадметаў, якія ляжалі на стале побач з жанчынай. Яе вопратку разрэзалі, на скуры таксама зрабілі парэзы, у жывот ёй утыкалі шыпы ружаў і рабілі шмат іншых агідных рэчаў. А калі шэсьць гадзін мінулі, і Марыя стала хадзіць паміж гледачамі і глядачкамі, дык усе адводзілі вочы. Напэўна, усё ж было сорамна.

І выпадак на спэктаклі «Мова X», і пэрфоманс Абрамавіч паказваюць, па сутнасьці, адно і тое ж: мы вельмі проста адмаўляемся ад маральных межаў і робім непрымальныя рэчы, калі атрымалі на гэта хоць нейкі дазвол (альбо інтэрпрэтавалі чужыя словы як дазвол). І гэта ўсё таксама можна выкарыстаць як самаапраўданьне: я не садыстка, — я проста чалавек, а людзі вось такія. Супраць біялёгіі, кажуць, не пойдзеш.

Але і ад адказнасьці перад сабой, як паказала гісторыя з Марынай Абрамавіч, таксама не сыдзеш. Хай нават спакуса парушыць прынятыя нормы такая салодкая, заўжды застаецца пытаньне: ці ня буду я потым агідная сама сабе ды іншым?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG