Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку спадзяюцца пабачыць на саміце ў Брусэлі, — міністар замежных справаў Нямеччыны


Зыгмар Габрыэль і Ўладзімер Макей
Зыгмар Габрыэль і Ўладзімер Макей

Віцэ-канцлер, фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 17 лістапада расказаў на прэс-канфэрэнцыі, што перамовы былі інтэнcіўныя, шчырыя, сустрэча цягнулася дзьве гадзіны.

Таксама Габрыэль размаўляў зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем у машыне, таму плянаваныя перамовы ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў былі скасаваныя.

«Мы цяпер знаходзімся напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства ў Брусэлі, — казаў Зыгмар Габрыэль. — Гэта будзе сустрэча з усходнімі партнэрамі Эўразьвязу. Беларусь таксама будзе прадстаўленая. Мы маем вялікія спадзяваньні, што сам прэзыдэнт зможа прыехаць. Бо гэта таксама было б добрым сыгналам».

Макей 10 кастрычніка заяўляў, што рашэньне пра ўзровень удзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства» будзе прынятае «ў свой час». Паводле крыніцы ў Эўразьвязе, Беларусь была запрошаная ўзяць удзел у саміце 24 лістапада ў Брусэлі «без абмежаваньняў» — гэтак жа, як і пяць іншых чальцоў «Усходняга партнэрства»: Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Я хацеў бы, каб калі-небудзь Беларусь стала сябрам Рады Эўропы
Зыгмар Габрыэль

«Для нас павінна гаворка ісьці пра тое, каб у Беларусі быў доступ да эўрапейскіх краінаў, краінаў Эўразьвязу, — дадаў Габрыэль. — Я хацеў бы, каб калі-небудзь Беларусь стала сябрам Рады Эўропы, дзе прадстаўлены 47 дзяржаваў. І толькі адной не хапае. Я думаю, што разам нам павінна неяк удасьціся стаць партнэрамі.

Канечне, там існуюць складаныя тэмы — гэта правы чалавека, прынцыпы прававой дзяржавы, дэмакратыя. Тут ёсьць моманты канфліктныя паміж намі. Але я думаю, што мы знайшлі правільныя шляхі гаварыць і абмяркоўваць і складаныя тэмы таксама».

Саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца 24 лістапада ў Брусэлі. Сёлета ініцыятары праграмы паспрабуюць другі раз прыняць нешта накшталт дарожнай мапы, кажуць экспэрты, таму быў парушаны парадак чаргаваньня месцаў правядзеньня самітаў.

Трэці раз у першай клясе. Чаму Лукашэнку запрасілі ў Брусэль

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG