Чарнобыльскі ліквідатар, інвалід II групы Васіль Сіліверст, які прыехаў з Калінкавічаў у Ельск, шпіталізаваны ў раённай лякарні пасьля затрыманьня міліцыяй.
«Ляжу пад кропельніцай — крывяны ціск мэдыкі зьбілі з 240 да 220. Вельмі кепская кардыяграма. І накіроўваюць у Мазыр на судмэдэкспэктызу ў зьвязку зь сінякамі на левай руцэ й назе», — паведаміў па тэлефоне Свабодзе Сіліверст.
Па абедзе чарнобыльскі ліквідатар кіраваўся на ровары з вуліцы Маскоўскай ў цэнтар Ельску ў аптэку — па лекі для маці. Ехаў, як распавядае, па ходніках, а дзе іх не было — па праежджай частцы.
«Мяне падрэзаў на міліцэйскай машыне старшы лейтэнант Анішчанка. Патрабаваў ехаць у міліцыю. Схапіў за рукаў, паваліў, душыў, хацеў адзець кайданкі. Затрымлівалі мяне двойчы. Думаю, што перасьледуюць за тое, што я пішу скаргі на бязьдзеяньне міліцыі. Увесну мяне пабіў малады мужчына, ды так, што губу знутры сшывалі, а ў міліцыі на гэта заплюшчваюць вочы. Пракуратура ўжо чатыры разы адмяняла закрыцьцё справы ў зьвязку з пабоямі», — кажа Васіль.
У дзяжурнай частцы Ельскага РАУС паведамілі, што Сіліверст, едучы на ровары, парушыў правілы дарожнага руху. Яго й затрымліваў старшы лейтэнант Анішчанка. Міліцыі, маўляў, дазволена прымяняць і спэцсродкі. Сіліверст пасьпеў патэлефанаваць на 102. На здарэньне выяжджаў супрацоўнік раённага аддзелу Сьледчага камітэту, які й мае разабрацца, што адбылося ў цэнтры гарадка з удзелам чарнобыльскага ліквідатара й міліцыянтаў.