Афіцыйныя захады да 100-годзьдзя БНР абмяжуюцца музэйнымі выставамі і кінапаказамі.
Пра гэта гаворыцца ў адказе міністэрства за подпісам Васіля Чэрніка на зварот менчука Максіма Ляшко.
Агулам у Менску заплянавана 5 выставаў, зьвязаных з абвяшчэньнем БНР у 1918 годзе. У Нацыянальным гістарычным музэі ў сакавіку 2018 году заплянавана стварэньне часовай экспазыцыі «1918: лёс беларускай дзяржаўнасьці» і часовай экспазыцыі аб дзейнасьці беларускай драмы і камэдыі ў філіяле музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. У музэі Янкі Купалы плянуецца правядзеньне выставы прысьвечанай цыклю патрыятычных вершаў паэта, напісаных у год абвяшчэньня БНР. Музэй гісторыі беларускай літаратуры падрыхтуе экспазыцыю «1918 у літаратуры і друку».
Тры фільмы пра Беларускую Народную Рэспубліку і яе дзеячоў пакажуць у філіяле Музэю гісторыі беларускага кіно.