Паводле закону, працэс дэкамунізацыі ў Польшчы адбываецца ў два этапы. Першы завяршыўся 2 верасьня. Датуль мясцовыя ўлады мусілі самастойна зьмяніць назвы вуліц, якія прапагандуюць таталітарныя сыстэмы.
Бурмістар Бельску, этнічны беларус Яраслаў Бароўскі, папрасіў беластоцкі аддзел Інстытуту нацыянальнай памяці даслаць сьпіс вуліц, якія падлягаюць дэкамунізацыі. Беластоцкі аддзел ІНП даслаў яму пералік зь сямі вуліц, у якім не было вуліцы Тарашкевіча. Пра гэта распавяла Свабодзе прадстаўніца ІНП, доктар гістарычных навук Эва Рагалеўска.
«У нашым сьпісе Тарашкевіча не было. З аднаго боку ён, вядома, трапляе пад дэкамунізацыю з прычыны сваёй дзейнасьці ў міжваенны час. Але ў 1938 годзе яго расстралялі і ён сам стаў ахвяраў сталінізму. У 1957 годзе яго рэабілітавалі. Браніслаў Тарашкевіч — заслужаны для беларускай культуры чалавек, перакладнік, аўтар граматыкі беларускай мовы».
Паводле Рагалеўскай, Тарашкевіч быў ня толькі палітычным дзеячом, і таму ягоная асоба не такая адназначная, як іншых патронаў бельскіх вуліц. На яе думку, ёсьць вялікая імавернасьць, што вуліца яго імя ў Бельску ўсё ж застанецца.
Падчас другога этапу рашэньне пра дэкамунізацыю прымае ваявода на падставе рэкамэндацыі галоўнай управы Інстытуту нацыянальнай памяці ў Варшаве. Прозьвішча Тарашкевіч зьявілася менавіта ў варшаўскім сьпісе. Да 2 сьнежня ваявода павінен прыняць рашэньне. Падляскім ваяводзтвам кіруе Богдан Пашкоўскі з кіроўнай у Польшчы кансэрватыўнай партыі «Права і Справядлівасьць». Яго раднік Роман Чэпэ распавёў Свабодзе, што будзе прынятае такое рашэньне, якое прапануе цэнтральны аддзел ІНП. На дадзены момант прынятае рашэньне перайменаваць.
Але гісторыкі Інстытуту нацыянальнай памяці ў Беластоку сталі ў абарону Браніслава Тарашкевіча. Як распавяла Эва Рагалеўска, яны зьвярнуліся зь лістом у варшаўскую сядзібу ІНП.
«У ім мы патлумачылі, што выпадак Тарашкевіча складаны і што гэта вельмі важная асоба для беларускай грамады на Падляшшы», — гаворыць прадстаўніца беластоцкага аддзелу ІНП.
Над заключэньнем пра Браніслава Тарашкевіча цяпер працуе кракаўскі гісторык Мацей Коркуць. У Інстытуце нацыянальнай памяці ён працуе 16 гадоў. Тытул доктара гістарычных навук абараніў на тэму незалежніцкай польскай партызанкі ў 1944–1947 гадах, удзельнікаў якой у Польшчы называюць «выклятымі жаўнерамі». Да іх у Польшчы залічваюць і Рамуальда Райса «Бурага», які паліў беларускія вёскі на Падляшшы.
2 верасьня ў артыкуле на сайце Польскага агенцтва друку Мацей Коркуць напісаў, што кожны ваявода ў Польшчы атрымаў падрабязны сьпіс вуліцаў і плошчаў, якія сымбалізуюць таталітарныя сыстэмы.
«Усе яны павінны быць зьмененыя», — канстатаваў гісторык, які мае падрыхтаваць заключэньне пра асобу Браніслава Тарашкевіча.
«Паводле закону ваявода мае права перагледзець і адаслаць на дапрацаваньне кожнае рашэньне, якое дашлюць гісторыкі. Але Богдан Пашкоўскі падпіша тое, што атрымае з Варшавы. Бо там працуюць гісторыкі, а мы займаемся выключна юрыдычным бокам. І гэтая зьмена нарэшце павінна адбыцца», — сказаў Чэпэ ў інтэрвію Свабодзе.
Інтэрвію з Мацеям Коркуцем, які працуе над гістарычным заключэньнем пра Браніслава Тарашкевіча, чытайце на Свабодзе 15 лістапада.