Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Коржыча чакаюць вынікаў экспэртызы. Ягоныя саслужыўцы атрымліваюць пагрозы ў сацсетках


«Чакаем вынікаў мэдыцынскай экспэртызы»

Апошняе афіцыйнае паведамленьне Сьледчага камітэту ў справе гібелі Аляксандра Коржыча датаванае 1 лістапада. Тады гаварылася пра 10 абвінавачваных і яшчэ 5 падазраваных. Усе абвінавачваныя праходзяць па артыкулах аб злоўжываньні ўладай і махлярстве. Абвінавачаньні ў забойстве альбо давядзеньні да самагубства па-ранейшаму нікому не прад’яўленыя.

«У нас пакуль навінаў ніякіх няма, — гаворыць сястра Аляксандра Коржыча Віялета. — З вынікамі экспэртызы не знаёмяць пакуль. Зьбіраемся ехаць у Менск, спадзяёмся ўбачыць яе вынікі. Экспэртыза для нас цяпер самае важнае».

Гаворка пра вынікі абсьледаваньня цела загінулага салдата. 27 кастрычніка старшыня СК Іван Наскевіч паведаміў, што на целе Коржыча не было знойдзена ніводнага пашкоджаньня, акрамя стангуляцыйнай баразны. 6 лістапада ў групе «УКантакце», прысьвечанай расьсьледаваньню сьмерці Коржыча, зьявіліся фатаздымкі цела, зробленыя роднымі Коржыча. Публікацыя выклікала хвалю камэнтараў, на здымках відаць і іншыя пашкоджаньні. СК называе іх «пасьмяротнымі зьменамі».

Родныя і сябры Аляксандра Коржыча расказваюць, што сьледчыя дзеяньні зь імі актыўна праводзіліся ў першыя дні, цяпер сытуацыя зьмянілася.

«У самым пачатку сьледзтва мяне апытвалі, вяліся дзеяньні. Але цяпер больш нічога не адбываецца, — расказвае сябра Коржыча. Мы ўсе чакаем вынікі мэдыцынскай экспэртызы, далей будзе відаць, як нам дзейнічаць».

Вайсковы гарадок Печы
Вайсковы гарадок Печы

«Сустракаліся з новым сьледчым, але...»

Справу другога загінулага ў Барысаве салдата Арцёма Басцюка закрылі і адразу аднавілі неўзабаве пасьля зьяўленьня інфармацыі аб сьмерці Коржыча. Цяпер ёй займаецца цэнтральны апарат СК.

«Мы сустракаліся з новым сьледчым. Ён апытаў нас, але потым больш нічога не адбывалася, — расказвае маці загінулага салдата Тацьцяна Басьцюк. — Больш нам ніхто не званіў, ні аб чым нам не паведамляў».

Зараз родныя Арцёма Басьцюка чакаюць навінаў ад сьледчага і прызнаюцца, што на пэрспэктывы далейшага разгляду справы аб сьмерці сына глядзяць даволі скептычна.

Тым часам барысаўская пракуратура разглядае скаргу бацькоў Паўла Старэнкова, салдата тэрміновай службы, які ў лютым 2017 году быў знойдзены павешаным пад Барысавам. Сьледзтва прызнала выпадак самагубствам, аднак бацькі не пагадзіліся зь яго вынікамі і ў ліпені падалі скаргу. Пакуль аб выніках яе разгляду навінаў няма.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана

Сябры Коржыча вядуць альтэрнатыўнае расьсьледаваньне

Яго вядуць сябры Коржыча. Праз адмысловую старонку ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» яны спрабуюць знайсьці былых саслужыўцаў Коржыча, якія скончылі вучэбку і цяпер пераводзяцца ў іншыя часткі па ўсёй краіне.

«Сябры, у сваім расьсьледаваньні гібелі Сашы Коржыча мы зайшлі ў тупік, — гаворыцца ў іх паведамленьні. — Людзі, зь якімі мы яшчэ ўчора размаўлялі, выдаляюць старонкі ВК, іншыя перастаюць адказваць на званкі. А ў нас яшчэ столькі пытаньняў без адказаў! Таму мы просім вашай дапамогі... Нам патрэбны кантакты сваякоў салдат, побач зь якімі служыў Саша. Хутчэй за ўсё, з „вучэбкі“ ў Печах іх ужо перавялі ў іншыя часткі, там ім нічога не пагражае».

Аднак на кантакт зь сябрамі Аляксандра Коржыча ўжо былыя яго саслужыўцы ідуць неахвотна. Паводле інфармацыі Свабоды, не атрымліваецца пагаварыць нават з тымі, хто ўваходзіў у адзін танкавы экіпаж з загінулым салдатам. У дадатак некаторыя з саслужыўцаў Коржыча, якія пагадзіліся кантактаваць зь ягонымі сябрамі, пачалі атрымліваць ананімныя пагрозы.

«Вось і пацьвердзіліся пагрозы нашаму сябру, які дапамагае дамагчыся праўды! 13-га кастрычніка на яго тэлефон паступіла паведамленьне пра пагрозу забойства, а літаральна на днях прыяжджалі людзі да яго блізкіх і распытвалі, дзе наш сябар знаходзіцца», — гаворыцца ў групе «УКантакце», прысьвечанай расьсьледаваньню справы Аляксандра Коржыча.

У размове з Свабодай сябры загінулага салдата пацьвердзілі факт пагрозаў, аднак адмовіліся раскрываць падрабязнасьці.

3-га кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве. 9 кастрычніка стала вядома аб завядзеньні крымінальнай справы, 13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы, падчас якой паведаміў пра першых затрыманых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG