Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Анісім прапанавала Качанавай надаць Полацку спэцыяльны статус


Помнік Францішку Скарыну ў Полацку
Помнік Францішку Скарыну ў Полацку

13 лістапада дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім пабывала на прыёме ў кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай. Размова ішла пра сучасны стан і пэрспэктывы гораду Полацку, у якім нарадзілася Качанава.

Спадарыня Анісім падзялілася са Свабодай дэталямі гутаркі.

«Я казала пра тое, што Полацк заслугоўвае таго, каб ён атрымаў спэцыяльны статус, каб ён разьвіваўся. Бо ягонае месца ў дзяржаўнасьці Беларусі, у яе гісторыі незаслужана адсунутае. Мы сышліся з Натальляй Іванаўнай у тым, што трэба шанаваць сваю гісторыю. І яна, і я прыводзілі прыклады, як у розных краінах шануецца літаральна кожны гістарычны камень. А Полацк, Полацкая зямля — яны пранізаныя беларускім духам. Там проста ўсё гаворыць пра беларускую дзяржаўнасьць», — гаворыць Алена Анісім.

Дэпутатка падкрэсьлівала, што для істотных зрухаў гораду неабходна надаць адпаведны статус і падрыхтаваць стратэгічны плян яго разьвіцьця:

«Каб кожны чалавек: і грамадзянін Беларусі, і любы турыст, якія сёньня туды прыяжджае, былі ў захапленьні, — кажа Анісім.

Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку

Алена Анісім сказала, што рэакцыя спадарыні Качанавай была станоўчая:

«Мне здаецца, што ўсе, хто нарадзіўся на гэтай зямлі, незалежна ад свайго цяперашняга статусу, неяк абʼядноўваюцца. Як той жа Навум Гальпяровіч, які стала жыве ў Менску, але рэгулярна прыяжджае ў Полацк. Праблема ў тым, каб спачатку вызначыцца, што і як мы хочам зрабіць. І пад гэта рыхтаваць канкрэтны плян, рабіць канкрэтныя крокі».

Дэпутатка Анісім думае, што цяпер трэба стварыць групу людзей, якая разам зь мясцовымі ўладамі зоймецца падрыхтоўкай такога пляну. Ініцыятыва павінна зыходзіць ад мясцовай супольнасьці. Бо, як пераканалася Алена Анісім, лепей атрымліваецца, калі ёсьць рух зьнізу і падтрымка зьверху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG