Былога чыноўніка суд прызнаў вінаватым у махлярстве і падбухторваньні да дачы хабару. Петрамовіч асуджаны на 9 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле суду, былы чыноўнік мусіць вярнуць 830 тысяч рублёў пацярпелым у справе, 97 тысяч — дзяржаве, 46 тысяч — дзяржпошліна.
Мікалай Петрымовіч сказаў Свабодзе, што ня згодны з прысудам і будзе яго абскарджваць.
Справу Петрамовіча ў мэдыя назвалі «аферай на 500 тысяч даляраў». Столькі грошай, паводле сьледзтва, набраў у сяброў і знаёмых Мікалай Петрамовіч за час працы намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёну сталіцы, абяцаючы аказваць розныя паслугі, зьвязаныя зь дзяржаўнай службай. Некаму экс-чыноўнік за грошы абяцаў прасунуць чаргу на атрыманьне жыльля, некага — забяспечыць аўтамабілем за выгадную цану, у кагосьці пазычаў грошы пад вялікі працэнт ды так і не вярнуў. Усяго, паводле сьледзтва, Петрамовіч падмануў каля 30 чалавек.
Сьледзтва палічыла, што ў большасьці выпадкаў ён адразу махляваў і не зьбіраўся вяртаць грошы ды выконваць свае абяцаньні. У канцы 2016 году, калі людзі пачалі скардзіцца на чыноўніка ў праваахоўныя органы, ён уцёк зь Беларусі, быў абвешчаны ў вышук. Сёлета ў лютым Мікалай Петрамовіч вярнуўся і быў арыштаваны.
У судзе Мікалай Петрамовіч прызнаў, што атрымліваў грошы ад грамадзянаў, але адмаўляў, што адразу ставіў за мэту гэтыя грошы не вяртаць. Абаронца экс-чыноўніка прасіла зьняць з падсуднага абвінавачаньне ў падбухторваньні да хабарніцтва і прыводзіла прыклады, калі людзі атрымлівалі працэнты ад сваіх грошай, перададзеных Петрамовічу, а зь некаторымі зь іх ён разьлічыўся цалкам. Між тым сярод грамадзянаў, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі ў справе, такіх у судзе не аказалася. «Калі б мяне не арыштавалі, цягам часу я б вярнуў усё грошы», — даводзіў Петрамовіч суду. На гэта прадстаўнік абвінавачаньня заўважыў, што падсудны не сьпяшаўся прадаваць сваю маёмасьць і аўтамабіль, каб разьлічыцца з даўгамі.
Да адміністрацыі Партызанскага раёну Мікалай Петрамовіч працаваў адным з кіраўнікоў на аб’яднаньні «Інтэграл», быў дэпутатам Мінгарсавету, актывістам КПБ і БРСМ.