Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі гарвыканкам задумаў зьнесьці рынак дзеля «цывілізаванага жыцьця». Людзі супраць


Рынак «Прыдарожны»
Рынак «Прыдарожны»

У Магілёве пратэстуюць супраць зносу рынку «Прыдарожнага». Больш за тысячу яго наведнікаў патрабуюць ад гарвыканкаму, каб той перадумаў узводзіць стаянку на месцы гандлёвых павільёнаў. Людзі абураныя тым, што рынак зьбіраюцца ліквідаваць, не запытаўшыся іхнай думкі.

Чыноўнікі ж настойваюць, што стаянка зацьверджаная генэральным плянам, які не падлягае карэктаваньню, і прапануюць прадпрымальнікам разьмясьціць свае крамы на першым паверсе дома, які зьбіраюцца ўзводзіць побач з рынкам.

«Няхай свае гарвыканкамы зносяць!»

Прадстаўнікі прадпрымальніцкай грамады тройчы хадзілі ў гарвыканкам. На адной з сустрэч службоўцы паабяцалі не чапаць рынак, аднак неўзабаве старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў заявіў, што ад намераў зьнесьці гандлёвыя павільёны ніхто не адмаўляецца.

«Мы павінны жыць цывілізавана і пераўтвараць гандаль», — пераказалі на сходзе гандляроў словы старшыні гарвыканкаму тыя, хто зь ім сустракаўся.

«Лічым, што дыялёг з чыноўнікам яшчэ трывае, — супакойвалі яны абураных калег. — Чыноўнікі нас выслухоўваюць. Шукаюць варыянты. Назіраюць за настроем людзей».

Сход прадпрымальнікаў і наведнікаў «Прыдарожнага» рынку
Сход прадпрымальнікаў і наведнікаў «Прыдарожнага» рынку

Прапанаваў гандлярам рынку заняць першы паверх дома, які зьбіраюцца ўзводзіць, сам Цумараў. Сваім падначаленым ён даў распараджэньне, каб у праект будынка былі ўнесены зьмены. Прапанова чыноўніка ў прадпрымальнікаў падтрымкі ня выклікала.

«Хіба на першым паверсе дома хопіць усім месца, хто на рынку працуе, ды грошай, каб туды пераехаць? — адрэагаваў незадаволена сход. — Нашай згоды няма. Няхай свае гарвыканкамы зносяць. Калі б прадпрымальнікі былі настолькі багатыя, то ў іх бы даўно былі свае крамы».

Ва ўпраўленьні гандлю пацьвердзілі, што прадстаўнікі прадпрымальнікаў, якія гандлююць на «Прыдарожным» рынку, былі на прыёме ў гарвыканкаме. Іхны зварот знаходзіцца на разглядзе.

«Альтэрнатыўнае рашэньне нібыта знойдзена, і іх яно, здаецца, задавальняе. Але паколькі дакумэнты не падпісаныя кіраўніцтвам, таму мы ня маем права камэнтаваць сытуацыі», — сказалі ва ўпраўленьні гандлю.

«Нас, прадпрымальнікаў, ніхто слухаць ня будзе. Людзі, падтрымайце нас!»

Пісьмовага адказу на калектыўны зварот прадпрымальнікаў і наведнікаў рынку чыноўнікі не далі. Паабяцалі прыслаць яго да 19 лістапада. Гандляры ж не чакаюць пазытыўных для сябе навінаў у лісьце з гарвыканкаму.

«Нас, прадпрымальнікаў, ніхто слухаць ня будзе, таму, калі ласка, дарагія жыхары нашага раёну, спадзяёмся на вас. Пішыце лісты і патрабуйце, каб рынак пакінулі тут. Чым болей вы будзеце пісаць і званіць, тым лепей», — зьвярталіся да наведнікаў рынку гандляры.

Рынак «Прыдарожны» — на гарадзкой ускраіне. Яго наведнікі — жыхары раёну ўздоўж вуліцы Чалюскінцаў, а таксама прыгарадных вёсак. Тыя, хто ходзяць на яго, кажуць, што іх задавальняюць цэны і выбар тавараў. Гандлююць на рынку харчамі і таварамі шырокага спажываньня.

Пра знос рынку і сход гандляры інфармавалі абвесткамі на павільёнах
Пра знос рынку і сход гандляры інфармавалі абвесткамі на павільёнах

Паводле прадпрымальнікаў, рынак узьвялі сем гадоў таму на ініцыятыву гарвыканкаму. Грошы на павільёны і пракладку камунікацыяў далі ахвотныя гандляваць на ім. Дамовы на гандаль заключаныя на два гады, але іх могуць адклікаць на працягу месяца. На рынку працуе 150 чалавек. 1030 подпісаў пад зваротам не чапаць рынак гандляры сабралі за два дні.

«Дэпутат нас не бароніць — трэба яго перавыбраць»

Найбольш актыўныя абаронцы рынку — людзі сталага веку. Калі яны ўзяліся высьвятляць, чаму на месцы ўпарадкаванай пляцоўкі, на якой сёлета заклалі былі сквэр, пачалі ўзводзіць шматпавярховы дом, то і даведаліся, што рынак плянуюць зьнесьці.

«Мы супраць зносу рынку. На ім жа столькі людзей закупляецца, а з намі ніхто ня хоча гаварыць», — казалі журналісту Свабоды абураныя наведнікі рынку.

«Нашы ўлады не ідуць нам на сустрэчу і ня чуюць нас, — даводзілі людзі. — Яны сядзяць у сваіх кабінэтах, і хоць бы адзін сюды прыйшоў і высьветліў, ці даём мы згоду на знос рынку. Чаму мы павінны хадзіць да прадстаўнікоў улады, а не яны да нас?».

Абаронцы рынку кажуць, што спадзяваліся на дэпутата, каб ён даў рады праблеме, аднак марна. Імя дэпутата ніхто прыгадаць ня змог.

Два дамы з трох заплянаваных ля рынку пачалі будаваць. Той, у якім прапануюць гандлярам першы паверх, пакуль не закладзены
Два дамы з трох заплянаваных ля рынку пачалі будаваць. Той, у якім прапануюць гандлярам першы паверх, пакуль не закладзены

«Ён быў тут, але завуалявана сказаў, што ў нас нічога не атрымаецца, і сышоў», — паведамілі на сходзе.

«Значыць, яго трэба перавыбраць, — адрэагаваў сход. — Нашто нам такі дэпутат, калі ён не прыслухоўваецца да думкі выбарнікаў».

У канцы сходу зноў пачуліся заклікі прадпрымальнікаў да наведнікаў рынку, каб тыя больш пісалі пратэстаў у розныя інстанцыі. Самі ж гандляры наноў зьбіраюцца запісацца на прыём да кіраўніцтва гарвыканкаму, каб пераказаць пасланьне сходу, што «прадпрымальнікі не такія заможныя, каб будаваць сабе па краме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG