У папярэдніх артыкулах мова ішла пра старэньне на ўзроўні малекул і клетак. Вы атрымалі сучасную навуковую інфармацыю пра аксыдатыўны стрэс і мітахондрыі, даведаліся якія прадукты зьяўляюцца карыснымі ў гэтай сувязі.
Нам засталося разгледзець пытаньне старэньня на ўзроўні цэласнага арганізму, гэта значыць узьняцца з узроўню малекул і клетак да сыстэмнага погляду.
Сёньня дакладна вядома, што з погляду старэньня і харчаваньня вялікае значэньне маюць наступныя сыстэмы арганізму: сыстэма глюкоза/інсулін, гармон росту/інсулінападобны фактар росту, адказ на стрэс з боку нэйраэндакрыннай сыстэмы і імунная сыстэма.
Ня будзем вас абцяжарваць тэарэтычнымі ведамі пра тое, як гэтыя сыстэмы паводзяць сябе пры абмежаваньні ежы, але зазначым, што такое абмежаваньне зьяўляецца стрэсам і таму ў адказ актывуюцца абарончыя мэханізмы арганізму, што супрацьдзейнічае старэньню.
У навуцы гэты фэномэн завецца гармэзісам, згодна зь ім чалавек павінен пэрыядычна падлягаць стрэсам невысокай інтэнсіўнасьці каб «трэніраваліся» сыстэмы абароны ад шкодных уплываў звонку і з боку самога арганізму, што прадухіляе разьвіцьцё хранічных хвароб і патэнцыйна павялічвае працягласьць жыцьця.
Сёньня ў экспэрымэнтах даказаны станоўчы ўплыў на стан жывёл так званага абмежаваньня калёрый, пры гэтым павялічвалася працягласьць іх жыцьця, зьніжалася захворваемасьць паталёгіяй сэрца і судзінаў, паляпшалася памяць. Гэтае адкрыцьцё прывяло да таго, што ўжо распрацаваныя рэчывы пад назвай мімэтыкі абмежаваньня калёрый, да іх ліку адносіцца, напрыклад, 2-дыяксыглюкоза. Такія рэчывы патэнцыйна дазваляюць чалавеку захаваць у ежы звычайную колькасьць калёрый, але сымулююць стан, калі іх колькасьць абмяжоўваюць. Названы тып прэпаратаў пакуль што прайшоў выпрабаваньне на жывёлах і, магчыма, у хуткім часе зьявіцца на рынку і будзе прапаноўвацца для комплекснага лячэньня атлусьценьня і прафіляктыкі хранічных неінфэкцыйных хваробаў, напрыклад, сардэчна-судзіннай сыстэмы.
Кажучы пра колькасьць калёрый, якія ўжываюць людзі зь ежай у розных краінах сьвету, адзначым, што ў найбольш выгадным стане знаходзяцца краіны з высокім узроўнем індустрыялізацыі. Ну вось памяркуйце самі. Мы прывядзем тры лічбы, першая тычыцца ўсяго сьвету, другая — высокаразьвітых індустрыяльных краін, а трэцяя — краін зь пераходным станам эканомікі і палітычнага жыцьця (сюды можна аднесьці і Беларусь). Агульная карціна харчаваньня выглядае наступным чынам: колькасьць спажываных калёрый у дзень на аднаго чалавека — 2803 ккал, 3380 ккал і 2906 ккал; колькасьць спажываньня мяса (кг/год) — 36,9, 100,1 і 60,7; колькасьць спажываньня малака (кг/год) — 78,1, 212,2 і 159,1; колькасьць спажываньня садавіны і гародніны (кг/год) — 101,9, 112,8, няма дадзеных; колькасьць спажываньня тлушчу (грам/дзень) — 73,0, 100,1 і 60,7 (паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя).
Такім чынам, згодна з сучаснымі навуковымі ўяўленьнямі, разумнае абмежаваньне калёрый можа несьці патэнцыйныя станоўчыя эфэкты, прадухіляе разьвіцьцё шэрагу хвароб і таму можа ўскосна павялічваць працягласьць жыцьця. Але ня трэба самастойна абмяжоўваць калёрыі ў ежы ці проста галадаць — у любым выпадку, спачатку трэба параіцца з лекарам.