Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў можа разарваць дыпляматычныя дачыненьні з Масквою. Менск разглядаецца як пасярэднік


Шэраг расейскіх сродкаў масавай інфармацыі сёньня паведамілі, што ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнку прымушаюць да разрыву дыпляматычных дачыненьняў з Расеяю, а для пасярэдніцтва з гэтаю краінаю нібыта вызначаная Беларусь ці Швайцарыя.

Паводле публікацыі газэты «Комерсант», гэта прадугледжваецца праектам закону аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі ў забесьпячэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны над часова акупаванымі тэрыторыямі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. У прыватнасьці, расейскія СМІ спасылаюцца на адпаведную папраўку, якую ўнёс дэпутат ад Блёку Пятра Парашэнкі Іван Віньнік.

У камэнтары Свабодзе Іван Віньнік паведаміў, што законапраект на цяперашнім этапе ягонага абмеркаваньня не зьмяшчае асобнага палажэньня пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў з Расеяю. Але такі крок магчымы ў выпадку прызнаньня Расеяю агрэсарам, што і прадугледжана ў праекце закону.

Іван Віньнік
Іван Віньнік

«Беларусь ня зможа выконваць функцыі пасярэдніцы. Гэта мая прыватная думка, я не прадстаўнік МЗС. У сувязі з тым, што Беларусь непасрэдна спрыяла арганізацыі затрыманьня ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба з далейшай яго перадачай расейскаму ФСБ. Гэта ёсьць прамы калябарацыянізм, і таму я не лічу, што Беларусь можа быць пасярэдніцай у дыпляматычных дачыненьнях між Расеяю і Ўкраінаю, наўпроставы кантакт якіх будзе прыпынены са зразумелых прычын», — сказаў Свабодзе Іван Віньнік.

Дэпутат ад Блёку Пятра Парашэнкі дадаў, што ў прапанаваным законапраекце асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей вызначаюцца як акупаваныя Расеяю. «Апроч таго, агрэсарам вызначаецца Расейская Фэдэрацыя, а ў такіх умовах міжнародная практыка права не прадугледжвае наяўнасьці дыпляматычных дачыненьняў», — патлумачыў ён.

Паводле Івана Віньніка, у заключных і пераходных палажэньнях законапраекту зьвяртаецца ўвага Кабінэту міністраў, які рэалізуе дыпляматычныя стасункі з замежнымі краінамі, на абавязковасьць прывядзеньня практыкі прымяненьня гэтага закону ў адпаведнасьць з нормамі, што набываюць моц у сувязі з прызнаньнем агрэсарам адной такіх краінаў. «Таму гэта безумоўна прадугледжвае разрыў дыпляматычных дачыненьняў», — перакананы дэпутат.

«Мы таксама зьвернемся да МЗС, каб яны вызначылі краіну-пасярэдніцу, якая магла б выконваць функцыі прадстаўніцтва ў дачыненьні ўкраінскіх грамадзян, якія знаходзяцца або будуць знаходзіцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Таму што, на жаль, Расея груба парушае нормы міжнароднага права, беспадстаўна ўтрымліваючы ўкраінскіх грамадзян у расейскіх вязьніцах і нават не дапускаючы да іх ані ўкраінскіх консулаў, ані мэдыкаў. Таму мы будзем шукаць іншую краіну, чые дыпляматы атрымаюць больш павагі і ўвагі ад Расейскай Фэдэрацыі. Я ня думаю, што гэта можа быць Беларусь», — дадаў Іван Віньнік.

Праект закону аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі ў забесьпячэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны над часова акупаванымі тэрыторыямі ў Данецкай і Луганскай абласьцях ініцыяваў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Як сьцьвярджаюць улады, дакумэнт спачатку быў узгоднены зь міжнароднымі партнэрамі, а потым унесены на разгляд парлямэнту і 6 кастрычніка прыняты за аснову.

Паводле прадстаўніцы прэзыдэнта ў Вярхоўнай Радзе Ірыны Луцэнкі, на гэты момант да праекту закону пададзена каля 2,5 тысячы паправак і яго разгляд можа зацягнуцца на некалькі тыдняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG