Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік расстраляным паэтам


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».
Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

«Ты помніш, помніш, безумоўна, і тую ноч, і той настрой..» — не выходзяць з галавы ў мяне гэтыя радкі Юлія Таўбіна ў выкананьні Лявона Вольскага ў праекце «(Не)расстраляная паэзія» Сяргея Будкіна.

Мне пашчасьціла папрысутнічаць 29 кастрычніка на прэзэнтацыі гэтага праекту, у якім маладыя і папулярныя беларускія музыкі стваралі музыку на вершы расстраляных паэтаў. Творчая рэінкарнацыя. Дудар, Чарот, Маракоў выступалі са сцэны ў 2017 годзе. Маладыя, яркія, амбітныя. Хіба не такімі б яны былі? І толькі некалькі запаленых лямпадаў сярод прысутных слухачоў вярталі ў сумную рэальнасьць зь якой нагоды мы тут сабраліся...

Чырвоная машына зла забрала ўсё: ня толькі жыцьцё, але й напамін аб іх жыцьці.

Зьнявечаныя, забітыя, невядома дзе пахаваныя. Ні разьвітаньня, ні адпяваньня, ні помніка. Нічога таго, што належыць любому звычайнаму чалавеку. Гэтая чырвоная машына зла забрала ўсё: ня толькі жыцьцё, але й напамін аб іх жыцьці. Усялякую памяць. Нібыта і не было нікога з тых, каго ў сутарэньнях НКВД расстрэльвалі 80 гадоў таму.

Важакам той чырвонай чумы 7 лістапада панясуць кветкі. Іхнія постаці стаяць у нашых гарадах на галоўных плошчах. Іх імёнамі названыя цэнтральныя вуліцы нашай краіны. Яны паўсюль.

А дзе помнікі тых, каго закатавалі? Куды мне прынесьці кветкі ў памяць Гарэцкага, Кляшторнага, Зарэцкага? Мы шануем імёны чужых забойцаў — і ня маем памяці сваіх ахвяраў.

Мы шануем імёны чужых забойцаў — і ня маем памяці сваіх ахвяраў.

І я схіляю сваю галаву перад Сяргеем Будкіным за тое, што ён здолеў усталяваць помнік 12-ці расстраляным паэтам. Помнік у выглядзе гэтага неверагоднага музычнага праекту. Які не зьнясуць і не апаганяць. Ён не патрабуе шмат узгадненьняў і іншых бюракратычных працэдураў.

Я дзякую Ганьне Севярынец, якая паставіла помнік Алесю Дудару выдадзенай кнігай ягонай творчасьці. Я дзякую кожнаму музыку, які падтрымаў гэты праект, сучасным паэтам, якія праводзілі тэматычныя лекцыі, і людзям, што падтрымалі гэты праект на «Талацэ».

Сотні людзей ахвяруюць грошы, каб паўстаў народны помнік, патрэбны ўсім нам.

Насуперак мармуровым шматмэтровым помнікам ленінам-дзяржынскім, паўстаюць невялікія, але магутныя паводле зьместу ініцыятывы, якія вяртаюць памяць героям і агалошваюць прысуд забойцам. Пакуль зь леніных-дзяржынскіх раз на год адціраюць птушыны памёт, сотні людзей ахвяруюць грошы, каб паўстаў народны помнік, патрэбны ўсім нам.

І ў гэты бессаромны дзень можна паслухаць цудоўны праект «(Не)расстраляная паэзія», прачытаць кнігі аўтарства забітых паэтаў, наведаць колішніх ахвяраў ГУЛАГу, якіх усё менш застаецца ў жывых.

А можна проста спыніцца і ўзнесьці малітву за нашу шматпакутную Беларусь:

«Ойча Наш, Які ёсьць на Нябёсах...»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG