У выніку разгляду яе апэляцыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе вырак скасаваны, справа накіраваная на паўторны разгляд у той жа Чыгуначны раённы суд гораду Віцебску.
Разгляд апэляцыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе праходзіў у закрытым рэжыме.
Калегія Віцебскага абласнога суду вынесла рашэньне па справе Вольгі Сьцяпанавай: прысуд першай інстанцыі адмяніць і адправіць на новы судовы разгляд. Мера стрыманьня для жанчыны — падпіска аб нявыезьдзе.
Як патлумачыла адвакатка Надзея Бірукова, на працягу 20 дзён да таго, як дакумэнты будуць перададзены ў Чыгуначны раённы суд Віцебска, мусіць быць прызначана новая дата разгляду. Бірукова прадстаўляла інтарэсы Сьцяпанавай, яе падабаронная сёньня ў суд не зьявілася.
Паводле адвакаткі, для жанчыны было б вялікім стрэсам перажыць усё наноў. Першапачаткова паседжаньне было прызначана на 9.30, але пачалося толькі а 14-й.
Справу разглядала судовая калегія пад кіраўніцтвам судзьдзі Сяргея Бондарава.
Раённы суд, які разьбіраў справу Вольгі Сьцяпанавай некалькі тыдняў, прызнаў яе вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу ёй было прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах калёніі-пасяленьня. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджаньне прысуду і пасьля працэсу ў раённым судзе знаходзілася ў Віцебску пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Разам зь сям’ёй яна жыве ў Санкт-Пецярбургу. У родны горад Вольга Сьцяпанава прыехала мінулай восеньню, каб нарадзіць тут сваё другое дзіця. З сабою яна прывезла і старэйшую дачку, бо спадзявалася, што ейная маці дапаможа даглядаць абаіх дзяцей.
Два гады таму яна нарадзіла старэйшую дзяўчынку ў хатніх умовах, прайшоўшы адмысловую падрыхтоўку на курсах для хатніх парадзіх. Аднак апошнія хатнія роды скончыліся трагедыяй: 19-га лютага ў кватэры сваёй маці Вольга Сьцяпанава нарадзіла дзяўчынку, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і дзіця ўратаваць не змаглі.
Сама Вольга Сьцяпанава вінаваціць у сьмерці дзіцяці мэдыкаў. Пра гэта яна адкрыта заявіла ў відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі, дзе просіць спыніць распачатую супраць яе крымінальную справу ды пакараць лекараў, якія, на яе думку, неналежным чынам выканалі свае прафэсійныя абавязкі.
Жанчына цьвердзіць, што яе пасьля родаў забралі ў шпіталь з жывым дзіцём, тады як мэдыкі ў судзе настойвалі, што сьмерць немаўляці наступіла яшчэ дома ў вынікі асьпірацыі каляплоднымі водамі. Такія высновы аб прычыне сьмерці зрабілі віцебскія экспэрты. Але паўторная экспэртыза ў Менску, паводле Вольгі, прыйшла да іншых высноваў: што ў выніку ўскладненьняў падчас родаў «выявіўся шэраг паталёгій разьвіцьця і функцыянальная недаразьвітасьць усіх жыцьцёва важных органаў дзіцяці. Гэта значыць, па марфалягічных прыкметах дзіця зьяўлялася неданошаным і яго ўнутраныя органы ня здольныя былі часткова ці цалкам выконваць свае функцыі».
Акалічнасьці хатніх родаў і спробаў выратаваць дзіця ў мэдычнай установе раённы суд разьбіраў у закрытым рэжыме. Нягледзячы на тое, што сама парадзіха патрабавала зрабіць працэс адкрытым.