Інтэрвію з Валерам Мінцом 5 верасьня зьявілася на сайце Беларускага нацыянальнага кангрэсу, пазьней яго словы былі працытаваныя сайтам «Хартыі97» і цяпер фігуруюць у міліцэйскім пратаколе. Пра справу актывіста зь Ліды паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронцы зазначаюць, што яна нагадвае справу Ўладзімера Някляева, якога 1 лістападу асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту таксама нібыта за заклік да несанкцыянаванай акцыі. Уладзімера Някляева абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паводле якога заклік да несанкцыянаванай акцыі забаронены. Пры гэтым, як адзначаюць праваабаронцы, адказнасьць за гэтыя дзеяньні ў КаАП яшчэ не прадугледжаная, адпаведныя зьмены толькі рыхтуюцца заканадаўцам.
Таксама ў словах Уладзімера Някляева, якія сталі прычынай адміністрацыйнага перасьледу, праваабаронцы ня ўбачылі закліку да акцыі. «Калі ёсьць воля змагацца за свае правы, трэба выходзіць і змагацца», — сказаў Уладзімер Някляеў напярэдадні Маршу абураных беларусаў 2.0. Аднак палітык не казаў, што будзе браць удзел у акцыі, і потым у ёй ня ўдзельнічаў.
Cуд над актывістам зь Ліды Валерам Мінцом адбудзецца ў суботу 5 лістапада аб 11 гадзіне.