Напэўна, тады таксама ліў дождж, і ногі сьлізгалі па курапацкай намоклай глебе. Толькі па бакох былі не крыжы са зьнічамі, а кáты НКВД з наганамі й вінтоўкамі Мосіна, ды йшлі вядомыя не сваёй воляй.
Беларусы вялі на кару беларусаў...
Калі толькі пад'ехалі да Курапатаў, я выйшаў спытаць, дзе адбудзецца імпрэза. Каля падземнага пераходу заўважыў купку людзей. Пытаюся, маўляў, дзе адбудзецца сама дзея.
Чую адказ:
— Вось ідзіце па дарозе ўгару. Там зьбіраюцца.
Сказаў «дзякуй» і толькі тады пабачыў, што пытаўся ў амонаўскага патруля.
Спатрэбілася восемдзесят гадоў часу, распад СССР, тры канфлікты за Курапаты 1988, 2001 і 2017 гадоў, каб яны проста падказвалі дарогу, а ня йшлі па бакох.
Пакуль яны толькі стаяць і падказваюць дарогу, і як мне здалося, падказваюць безь нянавісьці. Але ці было б так, калі б Беларусь ня мела статусу незалежнай дзяржавы?..
Хоча таго гэтая ўлада ці не, але яна вымушаная жыць у тым ліку паводле правілаў незалежнай дзяржавы, якія ня могуць супадаць з правіламі іншай дзяржавы, і гэтая схема на дадзены момант стрымлівае адных беларусаў ад таго, каб весьці на Галгофу беларусаў іншых.
Курапаты сядзяць у нашай агульнай памяці, і над выдатным кліпам на гэтую тэму ёсьць што падумаць і адчуць што актывісту, што амонаўцу.
Мне здаецца, менавіта таму гэты народны мэмарыял і вытрымаў усе напады.
Ёсьць шмат месцаў, дзе распавядаецца пра масавыя рэпрэсіі сталінскіх часоў, напрыклад, музэй КГБ у Вільні, але нічога падобнага да Курапатаў па меры эмацыйнага ўзьдзеяньня ня бачыў і не адчуваў ні ў воднай сумежнай з намі краіне, якія таксама перажылі энкавэдэшнае шаленства.
Справа ня толькі ў тым, што Курапаты «свае». Не. Думаю, рэч у тым, што гэты мэмарыял, створаны без удзелу дзяржавы, без грантаў, бяз хітрыкаў. Створаны самімі людзьмі, іхнай чыстай энэргіяй, якую цяжка перамагчы бульдозэрамі і амонам.
У глыбінях паміж жыцьцём і сьмерцю фальшы няма месца. Курапаты дапамагаюць шчырым пачуцьцям, шчырым дзеяньням і шчырым людзям.
«Нашы мёртвые нас не оставят в беде. Нашы павшие, как часовые. Отражается небо в лесу, как в воде и деревья стоят голубые», сьпяваў калісьці Ўладзімер Высоцкі. Гэтая ягоная песьня і пра Курапаты таксама.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.