Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адносна гвалту ня можа быць нэўтралітэту


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Для таго, каб заняць чыюсьці пазыцыю ў канфлікце, варта выслухаць абодва бакі і прыняць узважанае рашэньне. А пакуль рашэньне не прынята, можна сьмела заяўляць пра ўласную нэўтральнасьць адносна сытуацыі. Гэтае правіла добра працуе амаль ва ўсіх выпадках, але калі справа тычыцца гвалту, правілы зьмяняюцца.

Любая выказаная пазыцыя — гэта фактычная падтрымка альбо чалавека, які заяўляе пра гвалт, альбо чалавека, якога ў гэтым абвінавачваюць.

Адносна сытуацыі гвалту ня можа быць нэўтральнай пазыцыі. Не таму, што нэўтралітэт — гэта штосьці кепскае ці няправільнае. У сытуацыі, калі абмяркоўваецца гвалт, проста няма такой опцыі. Любая выказаная пазыцыя — гэта фактычная падтрымка альбо чалавека, які заяўляе пра гвалт, альбо чалавека, якога ў гэтым абвінавачваюць.

Вельмі яскравая ілюстрацыя — тое, як людзі рэагавалі на словы алімпійскай чэмпіёнкі Тацьцяны Гуцу, якая напісала што 26 гадоў таму яе згвалціў беларускі гімнаст Віталь Шчэрба, будучы шасьціразовы алімпійскі чэмпіён. На першы погляд усе рэакцыі можна ўмоўна падзяліць на тры віды: падтрымка Гуцу, падтрымка Шчэрбы, жаданьне разабрацца.

Гэтая пазыцыя часам выглядае яшчэ больш цынічнай, чым клясычнае «самадуравінаватая».

Але тое, што называюць жаданьнем разабрацца, часта так ці інакш аказваецца падтрымкай Шчэрбы. Больш за тое, гэтая пазыцыя часам выглядае яшчэ больш цынічнай, чым клясычнае «самадуравінаватая».

У адрас Тацьцяны гучаць розныя пытаньні: чаму не казала раней, навошта сказала цяпер, і якія ў яе ёсьць доказы таго, што гвалт і праўда быў. Таксама гучыць меркаваньне, нібыта гэтая заява — спроба «прапіярыцца».

Я ня ведаю, адкуль увогуле ўзяўся міт, нібыта статус ахвяры сэксуальнага гвалту — гэта добры ўклад у сацыяльны капітал, бо ў рэальнасьці гэта зусім ня так. На аднаго чалавека, які выказвае безумоўную падтрымку, прыходзяцца некалькі вельмі скептычна настроеных людзей — хтосьці наўпрост абвінавачвае ахвяру, хтосьці практыкуецца ў недарэчных жартах, хтосьці шчыра ўпэўнены ў тым, што ілжывыя заявы пра згвалтаваньне — гэта папулярная зьява.

Імавернасьць таго, што жанчына вырашыла «прапіярыць» сябе ілжывым абвінавачваньнем ацэньваюць прыблізна так жа, як імавернасьць таго, што гэтае згвалтаваньне сапраўды адбылося.

Безумоўна, бываюць і ілжывыя абвінавачваньні, але мне здаецца, што пра іх узгадваюць куды часьцей, чым пра тыя абвінавачваньні, якія так ніколі і ня сталі публічнымі. А імавернасьць таго, што жанчына вырашыла «прапіярыць» сябе ілжывым абвінавачваньнем ацэньваюць прыблізна так жа, як імавернасьць таго, што гэтае згвалтаваньне сапраўды адбылося. Нібыта ілжывыя заявы пра сэксуальны гвалт — гэта абсалютна звычайная справа, і кожная другая жанчына робіць гэта, каб адпомсьціць няўдаламу кавалеру.

Тут мяне можна абвінаваціць у тым, што я прадузята гляджу на сытуацыю, згадаць пра прэзумпцыю невінаватасьці і абавязкова дадаць, што выпадкі агаворваньня невінаватых мужчын таксама здараюцца. Мне вось толькі цікава, чаму так званая прэзумпцыя невінаватасьці ў грамадзкіх абмеркаваньнях распаўсюджваецца толькі на тых, каго абвінавачваюць у гвалце? Чаму па змоўчаньні мужчыну лічаць невінаватым і ўвогуле ахвярай паклёпу, а жанчыну — хітрай ілгуньняй, якая «жадае сапсаваць добраму чалавеку жыцьцё»?

Вы альбо падтрымліваеце адзін бок, альбо іншы.

Гэта акурат тая тэма, дзе няма шэрых зонаў, а ёсьць толькі чорнае і белае: вы альбо падтрымліваеце адзін бок, альбо іншы. І калі вы кажаце, што «трэба ўсё ж разабрацца, перш чым кагосьці абвінавачваць», вы ўжо абвінавачваеце жанчыну ў хлусьні. І гэта, дарэчы, і ёсьць адказ на пытаньне «чаму яны так доўга маўчаць?».

Мы маўчым, таму што ведаем, што нас чакае. Навакольныя стануць разьбіраць на кавалачкі ўсё нашае жыцьцё, ацэньваць, ці сапраўды нам балюча, ці дастаткова мы пакутуем, ці былі мы «правільнымі» ахвярамі (гучна крычалі, адбіваліся, спрабавалі пасьля згвалтаваньня скончыць жыцьцё самагубствам), ці ўжывалі мы алькаголь у дзень згвалтаваньня і якая на нас была вопратка. А назавуць гэта ўсё «проста жаданьнем разабрацца ў сытуацыі».

Людзі абіраюць «мужчынскі» бок. Сьвядома ці не зусім.

Але зусім неабавязкова гэтыя людзі, якія «спрабуюць разабрацца», сьвядома жадаюць зрабіць больш балюча. І не заўжды яны сапраўды цынікі і садысты. Яны, магчыма, і праўда шчыра лічаць, што робяць правільную справу і абараняюць мужчыну ад імаверна несправядлівага абвінавачваньня. А пра «пабочны эфект» гэтай абароны яны ня надта задумваюцца, бо папросту не прывучаныя гэтага рабіць. Людзі (асабліва мужчыны) значна часьцей асацыююць сябе ў такіх выпадках з мужчынам, а не з жанчынай, і таму абіраюць «мужчынскі» бок. Сьвядома ці не зусім.

А калі кажуць, што «праз адно неабгрунтаванае абвінавачваньн людзі перастануць верыць сапраўдным ахвярам», дык гэта прэтэнзія, скіраваная ня ў той бок. Я ведаю, што спасылацца на казку пра хлопчыка і ваўкоў вельмі зручна, але ж хопіць ужо сьпісваць на яе сваё нежаданьне верыць ахвярам гвалту. Ня верыць — гэта таксама выбар, і ў яго таксама бываюць наступствы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG