26 кастрычніка ў Беларусі чарговы раз падаражэла паліва для аўтамабіляў. Свабода падлічыла, што за апошнія 6 гадоў, з часу пратэстных акцыяў «Стоп-бэнзін», цэны на бэнзін у Беларусі павышаліся 21 раз.
У 2017 годзе цэны на паліва павялічваліся 7 разоў: 11 сакавіка, 18 сакавіка, 1 красавіка, 8 красавіка, 15 красавіка, 6 траўня — штораз на 1 капейку, і 26 кастрычніка — на 2 капейкі. У выніку паліва падаражэла за 10 месяцаў на 8 капеек.
У «Белнафтахіме» тлумачылі, што перад гэтым цэны на паліва не мяняліся больш за два гады, а ў выніку дэвальвацыі беларускага рубля цэны на нафтапрадукты ў даляравым эквіваленце зьменшыліся на 25%. Маўляў, павышэньне цаны жыцьцёва неабходнае для НПЗ. Апошняе падвышэньне тлумачыцца ростам кошту нафты і неабходнасьцю выраўноўваньня цэнаў з цэнамі ў суседніх краінах, найперш у суседніх рэгіёнах Расеі.
З 13 студзеня 2015 году па 10 сакавіка 2017 году цэны на бэнзін не мяняліся.
13 студзеня 2015 году цэны павысілі адзін раз, у сярэднім на 4,7%. Гэта патлумачылі ростам курсу даляра.
У 2014 годзе цэны на бэнзін павышаліся 4 разы — 8 ліпеня (у сярэднім на 5%), 19 жніўня (у сярэднім на 4,3%), 9 верасьня (у сярэднім на 4.1%) і 1 кастрычніка (у сярэднім на 4,8%). За год падвышэньне склала 18,2%.
Тлумачылі гэта частковай кампэнсацыяй адмоўнага ўплыву зьмены курсу рубля, а таксама патрэбай паэтапнага збліжаць цэны з расейскімі. А потым — індэксаваць цану ў залежнасьці ад курсу даляра і жаданьнем устанавіць гранічную максымальную цану, эквівалентную 1 даляру за літар.
У 2013 годзе цэны на бэнзін павышаліся 5 разоў: 16 студзеня (у сярэднім на 5%), 3 верасьня (у сярэднім на 5%), 17 верасьня (у сярэднім на 8%),5 сьнежня (у сярэднім на 2%) і 28 сьнежня (у сярэднім на 2%). Агулам за год падвышэньне склала 20%.
Гэтыя падвышэньні цэнаў тлумачылі частковай кампэнсацыяй ставак акцызаў на нафтапрадукты, ростам тарыфаў на чыгуначныя перавозкі нафтапрадуктаў, а таксама збліжэньнем цэнаў у Мытным саюзе і зьменай курсу рубля.
У 2012 годзе цэны на паліва павялічваліся 4 разы: 14 сакавіка, 11 красавіка, 8 чэрвеня і 3 кастрычніка, кожны раз у сярэднім на 5%. Агулам цэны вырасьлі на 20%.
Тлумачылі гэта паэтапным збліжэньнем з цэнамі ў Мытным саюзе, павышэньнем эфэктыўнасьці працы НПЗ і ростам цэнаў на сыравіну.
У 2011 годзе цэны на бэнзін мяняліся 12 разоў — 11 разоў падвышаліся і адзін раз зьмяншаліся. За год яны вырасьлі практычна ў два разы.
Пасьля першай акцыі «Стоп-бэнзін» на патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі 9 чэрвеня цэны на паліва былі зьніжаныя. Апошнюю акцыю «Стоп-бэнзін» анансавалі на 5 сьнежня, але на яе прыйшлі толькі супрацоўнікі ДАІ і журналісты. А 3 сьнежня 2011 году ў Беларусі падвысілі цэны на паліва 11-ты раз (у сярэднім на 10%).
«Улады глядзяць на настрой насельніцтва»
Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак сказала карэспандэнту Свабоды, што пры вызначэньні цэнаў на паліва «ўлады глядзяць на настрой насельніцтва».
Гэта ж ня рынкавая сытуацыя на рынку паліва ў Беларусі, гэта адміністрацыйныя рычагі
«На фоне падзеньня заробкаў насельніцтва ўлады ня вельмі імкнуліся падвышаць кошты. Хоць былі аргумэнтаваныя прапановы заводаў, што трэба павышаць, — кажа Манёнак. — І ня можа паліва ў Беларусі, якая амаль што ня мае ўласнай нафты, мець кошты на нафтапрадукты ніжэйшыя, чым у Расеі. Так і было зусім яшчэ нядаўна. Гэта ж нелягічна, бо нафтавікі авансам аплачваюць пастаўкі нафты, ды яшчэ ў далярах. Які сэнс, дзе лёгіка, што Беларусь трымае так доўга замарожанымі цэны на нафтапрадукты на ўласным рынку? Таму гэта ж ня рынкавая сытуацыя на рынку паліва ў Беларусі. Гэта адміністрацыйныя рычагі. І цэны гэтаксама рэгулююць, урад узгадняе іх у адміністрацыі прэзыдэнта».