Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Кабякоў: Польшча ды Ізраіль — найлепшыя мадэлі для разьвіцьця Беларусі


Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

Беларуская эканоміка дала рады наступствам глябальнай рэцэсіі і цяпер перажывае ўстойлівы рост, а афіцыйны Менск робіць стаўку на разьвіцьцё ў краіне высокатэхналягічнага сэктару і стварае спрыяльныя ўмовы для прыходу замежных інвэстараў. Пра гэта ў інтэрвію амэрыканскаму выданьню Forbes распавёў прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў.

Як Беларусь дала рады двум крызысам

Паводле Андрэя Кабякова, наступствы ўсясьветнага эканамічнага крызысу 2008 году і расейскага крызысу 2014-2016 гадоў усё яшчэ адчувальныя ў Беларусі.

Мы пазьбеглі масавых звальненьняў і захавалі рэальны сэктар на плыву

«Нашай галоўнай мэтай было захаваць ВУП на высокім узроўні. Мы пазьбеглі масавых звальненьняў у сувязі з падзеньнем рынкавага попыту. Захаваньне рэальнага сэктару на плыву патрабуе значных дзяржаўных інвэстыцыяў, — сказаў прэм’ер-міністар. — Мы былі вымушаныя скараціць капітальныя выдаткі на будаўніцтва камунальнай інфраструктуры. У той жа час мы вырашылі стымуляваць экспарт, лібэралізавалі бізнэс-асяродзьдзе, нам удалося прыцягнуць замежныя інвэстыцыі, захоўваючы пры гэтым стабільнасьць нашай фінансавай сыстэмы».

Кабякоў: Падчас крызісу ў Беларусі не было масавых звальненьняў. Белстат: мінус 43 тысячы работнікаў толькі з пачатку году

Пра асноўную мэту ўладаў

Андрэй Кабякоў сьцьвярджае, што беларуская эканоміка «перажывае ўстойлівы рост».

«Мы падтрымліваем малыя і сярэднія прадпрыемствы, робім стаўку на інавацыі і ўмацаваньне нашых рынкавых інстытутаў. Усе гэтыя прынцыпы сталі часткай нашай нацыянальнай праграмы разьвіцьця да 2020 году, нашай „дарожнай мапай“», — сказаў Кабякоў, дадаўшы, што асноўнай мэтай уладаў ёсьць «павышэньне канкурэнтаздольнасьці і сацыяльнага дабрабыту».

«Мы палітычна стабільныя і рухаемся наперад»

Прэм’ер-міністар адмовіўся параўноўваць Беларусь з краінамі, што «перажылі ваенныя і сацыяльныя ўзрушэньні» апошнім часам.

«Мы палітычна стабільныя і маем ясную замежную эканамічную палітыку. Мы вымушаныя супрацоўнічаць на міжнароднай арэне. Мы рухаемся наперад дзякуючы ўдасканаленьню тэхналёгіяў у кіраваньні і вытворчасьці», — сказаў Кабякоў.

Галоўным рэсурсам, якім валодае Беларусь, ён назваў чалавечы капітал — беларускі народ.

Беларусь ставіць на IT

Андрэй Кабякоў расказаў, што адпраўным пунктам для разьвіцьця ў Беларусі ІТ-індустрыі стала стварэньне ў 2005 годзе Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ), які ён назваў «беларускай „Крамянёвай далінай“».

Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

«Беларусь мае вялікі патэнцыял дзякуючы якаснай вышэйшай адукацыі ў галіне інжынэрнай навукі і матэматыкі. Ільготны падатковы рэжым у ПВТ цягам апошніх 12 гадоў дазволіў стварыць магутны IT-кластар з больш як 180 кампаній. Як вынік, экспарт кампутарных паслуг зь Беларусі павялічыўся ў 30 разоў за гэты пэрыяд», — паведаміў прэм’ер-міністар Беларусі.

Паводле яго, найлепшымі прыкладамі для высокатэхналягічнага разьвіцьця Беларусі ёсьць пасьпяховыя мадэлі Польшчы і «стартап-дзяржавы» Ізраілю.

Паміж Захадам і Ўсходам

Кабякоў назваў асноўнай перавагай беларускіх эканамічных зонаў, у тым ліку індустрыяльнага парку «Вялікі камень», геапалітычнае становішча Беларусі. З аднаго боку, яна мяжуе з Эўразьвязам, а зь другога, сяброўства ў Эўразійскім эканамічным саюзе гарантуе інвэстарам доступ на рынак 182 мільёнаў спажыўцоў.

Адкуль прыходзяць інвэстыцыі

Паводле беларускага прэм’ера, больш за 50 адсоткаў інвэстыцыяў у Беларусь паступае з заходніх краінаў.

У якасьці нядаўніх гісторыяў посьпеху замежных кампаніяў у Беларусі ён назваў праекты літоўскіх VMG Group і Arvi, аўстрыйскіх Kronospan, Velcom, Raiffeisen, нямецкай Santa Bremor, галяндзкай Coca-Cola, швайцарскай Stadler Rail.

«Асноўны прынцып просты: сумленныя і празрыстыя прадпрыемствы могуць разьлічваць на нашу падтрымку ва ўрадзе», — падкрэсьліў Кабякоў.

Ён таксама прызнаў, што за апошняе дзесяцігодзьдзе каля 10 транснацыянальных карпарацыяў са сьпісу «Forbes Top 2000» пакінулі Беларусь. «Але найбольш частай прычынай іх сыходу стала зьмена стратэгіі кампаніі на фоне эканамічнага спаду, але ня толькі ў Беларусі, але і ў рэгіёне, калі не ва ўсім сьвеце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG