У Менску разглядаецца магчымасьць будаўніцтва новых заводаў перапрацоўкі сьмецьця, паведаміла БЕЛТА намесьнік генэральнага дырэктара ГА «Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка» Галіна Гілевіч.
Ад інвэстараў паступіла звыш дзесяці падобных прапановаў. Праекты прадугледжваюць стварэньне прадпрыемстваў, якія могуць перапрацоўваць 400-600 тыс тонаў адкідаў на год, аб’ём укладаньняў у аб’екты ацэньваецца ў 200-350 млн эўра.
Штогод у Менску утвараецца больш за 1 млн т камунальных адходаў. Для іх пахаваньня выкарыстоўваюцца два палігоны — «Прудзішча» і «Трасьцянецкі». У раёне палігону «Трасьцянецкі» пабудаваны сьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод, у першым паўгодзьдзі 2018 году чакаецца ўвод яшчэ аднаго такога прадпрыемства магутнасьцю 110 тыс. тонаў.
Аб’ём перапрацоўкі адходаў у горадзе павялічваецца. У 2012 годзе гэтая лічба складала 125 тыс тонаў, у 2017-м яна павінна перавысіць 173 тыс. тонаў.