Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане ставяць на ўлік геяў і лесьбіянак


Міністэрства ўнутраных спраў Таджыкістану пачало ставіць на апэратыўны ўлік геяў і лесьбіянак. Як паведамляе выданьне Генэральнай пракуратуры Таджыкістану, у сьпісе ўжо 319 мужчын-гомасэксуалаў і 48 лесьбіянак.

«Іх прыналежнасьць да сэкс-меншасьцяў даказаная, і ўсе яны пастаўленыя на апэратыўны ўлік», — паведамляе газэта.

У МУС Таджыкістану адмовіліся камэнтаваць сьпісы сэкс-меншасьцяў. Але адзін з тых, хто трапіў у рэестар сэкс-меншасьцяў, распавёў Радыё Свабода, што міліцыя ўлік апраўдвае тым, што прадстаўнікі ЛГБТ, гэтаксама як і тыя, хто займаецца прастытуцыяй, маюць высокую рызыку заразіцца ВІЧ і «ўваходзяць у групу уразьлівых слаёў насельніцтва ў сувязі з высокім узроўнем зьмены партнэраў».

Таджыкістан ў 1998 годзе адмяніў закон аб крымінальным пакараньні за гомасэксуалізм, які дзейнічаў у СССР. Але гомасэксуалісты і іншыя сэксуальныя меншасьці па-ранейшаму сутыкаюцца ў краіне з сацыяльнымі табу. У першую чаргу гэта зьвязана з тым, што гомасэксуальныя адносіны забароненыя ісламам. Большасьць жыхароў Таджыкістану вызнаюць менавіта гэтую рэлігію.

Геі, лесьбіянкі і трансгендэры ў Таджыкістане спрабуюць схаваць сваю сэксуальную арыентацыю. Многія баяцца, што калі іх раскрыюць, яны страцяць працу і будуць выключаныя з ВНУ. Нярэдкія выпадкі, калі геі і лесьбіянкі забівалі сябе праз тое, што ад іх адвярнуліся сваякі.

Многія прадстаўнікі сэкс-меншасьцяў скардзіліся на напады, але паліцыя адмаўляецца расьсьледаваць гэтыя справы. «Я пакінуў бацькоўскі дом пасьля таго, як бацькі даведаліся, што я гей. Бацька пастаянна паўтараў, што я зганьбіў яго», — расказаў праграме Радыё Свабода «Настоящее время» ўраджэнец Душанбэ Шухрат. — Аднойчы некалькі п’яных моцна зьбілі мяне за тое, што я, па іх словах, «танцаваў як дзяўчына». Я звярнуўся ў міліцыю. Але дзяжурны афіцэр АУС, даведаўшыся, што я гей, нават не стаў мяне слухаць. На наступны дзень мяне выгналі і з працы».

У траўні 2015 года Глябальны фонд па барацьбе са СНІДам, сухотамі і малярыяй заявіў, што «паводле апошніх прыблізных дадзеных, колькасьць мужчын, якія маюць палавыя адносіны з мужчынамі, у Таджыкістане складае 30 тысяч».

МУС Таджыкістану пасьля публікацыі дакладу заявіла, што заява фонду «не адпавядае рэчаіснасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG