Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У горадзе, дзе памёр Касьцюшка, прайшлі польскія ўрачыстасьці. Згадалі і пра Беларусь


Урачыстае шэсьце з удзелам прадстаўнікоў польскіх уладаў вуліцамі Залятурну
Урачыстае шэсьце з удзелам прадстаўнікоў польскіх уладаў вуліцамі Залятурну

У нядзелю ў швайцарскім горадзе Залятурн, дзе 200 гадоў таму памёр Тадэвуш Касьцюшка, адбыліся ўрачыстасьці з удзелам прадстаўнікоў польскага ўраду і парлямэнту.

Галоўным госьцем польскіх сьвяткаваньняў стаў сьпікер Сэнату Станіслаў Карчэўскі. У Беларусі ён стаў вядомы пасьля таго, як назваў Аляксандра Лукашэнку «цёплым чалавекам». Разам зь ім афіцыйны польскі бок прадстаўляў віцэ-міністар замежных справаў Ян Дзядзічак.

«Касьцюшка — гэта адзін з найбуйнейшых нацыянальных герояў Польшчы, яе ўклад у барацьбу народаў за свабоду ва ўсім сьвеце і сымбаль найбольш адкрытага і інклюзыўнага польскага патрыятызму», — сказаў падчас урачыстасьцяў польскі амбасадар у Бэрне Якуб Кумах.

Менавіта ён быў галоўным героем скандалу вакол устаноўкі помніку Касьцюшку ад беларусаў Швайцарыі ў Залятурне. Польскі дыплямат, пагражаючы сарваць сьвяткаваньні 15 кастрычніка, запатрабаваў ад мэра гораду адмовіцца ад беларускамоўнай шыльды на помніку і згадкі пра Беларусь.

У нядзелю, падчас сваёй прамовы, Якуб Кумах згадаў і пра Беларусь.

«Ён (Касьцюшка. — РС) — нацыянальны герой ня толькі для Польшчы, а таксама і ЗША, Літвы, а апошнім часам ягоная спадчына шануецца і ў Беларусі», — сказаў польскі пасол у Бэрне.

Раней, у чацьвер, пра Беларусь у кантэксьце юбілею сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі, узгадаў польскі парлямэнт. У адмысловай рэзалюцыі Сэйму гаворыцца:

«Тадэвуш Касьцюшка быў і застаецца нацыянальным героем ЗША, якія далі яму ордэн Цынцынатаў; Беларусі, на тэрыторыі якой ён прыйшоў на сьвет; Францыі, якая дала яму ганаровае грамадзянства і, натуральна, польска-літоўскай Рэчы Паспалітай».

У суботу, 21 кастрычніка, у Залятурне мае адбыцца ўрачыстае адкрыцьцё помніку Тадэвушу Касьцюшку, які ініцыявала Асацыяцыя беларусаў Швайцарыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG