«Міністэрства замежных справаў Польшчы або крывадушна хлусіць, або не валодае інфармацыяй да канца», — сказаў у інтэрвію Свабодзе Сапега. Лідэр Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі пагадзіўся дэталёва распавесьці аб працэсе ініцыяваньня помніка Касьцюшку, які стаў нагодай для скандалу.
МЗС Польшчы пра скандал вакол помніка Касьцюшку: Ён герой усяго чалавецтва
— МЗС піша, што ад самага пачатку вельмі пазытыўна ставілася да ідэі паставіць помнік у Залятурне. Гэта няпраўда. Афіцыйны польскі бок проста ніяк не рэагаваў на нашую прапанову 8 месяцаў. Я быў у Залятурне на польскай урачыстасьці 15 кастрычніка 2016 году. І ўжо празь некалькі дзён даслаў пасольству Польшчы ў Бэрне прапанову працаваць разам.
«Шаноўнае спадарства. Мяне завуць Аляксандар Сапега. Я — старшыня аб’яднаньня „Асацыяцыя беларусаў у Швайцарыі“. У кастрычніку 2016 г. мы пазнаёміліся ў Цухвілі. Там я згадаў, што нашае абʼяднаньне хацела б адкрыць помнік Касьцюшку. Урачыстае адкрыцьцё адбудзецца 15 кастрычніка 2017 году ў Залятурне.
Больш падрабязную інфармацыю аб праекце Вы можаце прачытаць у апісаньні праекту (глядзіце дадатак). На гэты момант помнік вырабляецца. На нашу думку, помнік Касьцюшку мусіў бы быць адкрыты супольна. На гэтай падставе мы з прыемнасьцю гатовыя абмеркаваць і ажыцьцявіць канцэпцыю і праграму гэтага праекту зь іншымі зацікаўленымі. Хоць кастрычнік 2017 г. яшчэ далёка, для каардынацыі і абмеркаваньня застаецца ўжо ня так шмат часу. Таму я прашу Вас разгледзець прыкладзеную інфармацыю і да канца студзеня 2017 г. даць мне адказ, у якой форме Вы хацелі б паўдзельнічаць у гэтым праекце (арганізацыйная праца, праграма ўрачыстага адкрыцьця, фінансавая падтрымка і г. д.).
Калі ў Вас узьнікнуць пытаньні, калі ласка, зьвяртайцеся да мяне. Зь сяброўскім прывітаньнем, А. Сапега».
Празь некалькі дзён АБШ прадублявала ліст консулу Польшчы і дырэктару музэю Касьцюшкі ў Залятурне сп-ні Экерман. У ім Аляксандар Сапега тлумачыў, што даць адказ неабходна да лютага. Цягам 8 месяцаў ён не атрымаў ніякага адказу ні ад консула, ні ад пасла. Адказ ад дыпляматаў прыйшоў толькі 26 ліпеня 2017 году. У ім Сапегу прапанавалі сустрэцца.
Чый Касьцюшка?
— Але не пасольства было ініцыятарам гэтай сустрэчы. Чакаючы адказу ад польскага боку, мы зьвярнуліся да сяброў у Фондзе Касьцюшкі ў Кракаве. Яны напісалі ў МЗС прапанову і скаргу: непрымальна, каб польскі бок ня ўдзельнічаў у такіх урачыстасьцях, якія прапануе беларуская дыяспара. Гэты зварот быў увесну. То бок мы самі шукалі магчымасьці супрацоўнічаць з палякамі. Нам дапамагаў і знаёмы дэпутат Сэйму Польшчы. І толькі ўлетку, напрыканцы ліпеня, яны пачалі з намі зьвязвацца. На маю думку, пад прымусам. Гэта няпраўда, што яны ад самага пачатку прыязна да гэтага паставіліся.
Ідэяй АБШ імгненна зацікавіўся мэр Залятурну. Ужо 9 лістапада 2016 году ён адказаў на прапанову Сапегі. Мэр падтрымаў ініцыятыву ўсталяваньня помніку і двумоўнай шыльды.
— Увесну, амаль празь месяц пасьля дэдлайну, 20 сакавіка, я напісаў мэру, што польскі бок не адказвае ўжо 5 месяцаў ані наконт помніка, ані наконт супольнай праграмы ўрачыстасьці. Мэр адказаў, што 15 кастрычніка — так, як мы прапаноўвалі — у горадзе будзе праходзіць урачыстасьць з удзелам польскай дэлегацыі, а беларускі бок павінен знайсьці іншую дату. То бок нашая прапанова ладзіць урачыстасьць разам была цалкам праігранаваная. На сувязь пасольства выйшла ў канцы ліпеня, калі ўжо была рэакцыя з канцылярыі прэзыдэнта і МЗС.
На той час яшчэ не было гаворкі пра шыльду з надпісам «Выдатнаму сыну Беларусі — ад удзячных суайчыньнікаў». Паводле Сапегі, АБШ падкрэсьлівала, што яны маюць намер ушанаваць «нацыянальнага героя Беларусі».
— МЗС сёньня паведаміла, што амбасада ў Бэрне вяла перамовы зь ініцыятарамі праекту — Таварыствам беларусаў Швайцарыі. Гэта праўда. Дэталь у тым, што адгукнуліся яны ў ліпені, а першая сустрэча з амбасадарам адбылася ажно за месяц да падзеі (14.09.2017). Я спадзяваўся, што мне паведамяць аб рашэньні рабіць супольнае сьвята 15-га. На сустрэчы мне сказалі, што калі мы хочам быць разам зь імі, то падзея павінна адбывацца на роўных умовах і толькі 21 кастрычніка. А 15-га, у дзень сьмерці Касьцюшкі, маўляў, у іх свая праграма.
На сустрэчы ў польскага пасла Аляксандру Сапегу прапанавалі разьмясьціць на помніку шыльду зь імем і прозьвішчам Тадэвуша Касьцюшкі без узгадкі пра «сына Беларусі».
— Яны сказалі: навошта, маўляў, пісаць, адкуль ён быў, бо і так усе пра гэта ведаюць. МЗС сёньня называе яго ўнівэрсальным героем. Але чаму тады Польшча не пратэстуе, што на многіх помніках Касьцюшкі напісана «Сын Польшчы»? А ці не супярэчыць гэта іх жа ўласным словам?
— Міністэрства лічыць непрымальным, што на шыльдзе ня ўзгадваецца пра якія-небудзь повязі Касьцюшкі з Польшчай. Калі б гэта была шыльда за іхныя грошы, то, сапраўды, гэта было б непрымальна. Але беларусы гэта рабілі ад «А» да «Я». Акцыя тады лічылася цалкам беларускаю, бо польскі бок толькі-толькі далучыўся. Падчас сустрэчы пасол сказаў, што гатовы даць сродкі толькі пры ўмове, што іх будзе задавальняць шыльда, на якой мае быць імя, прозьвішча і гады нараджэньня ды сьмерці. Гэта было у сярэдзіне верасьня. Для нас гэта недапушчальна. На іншых помніках у сьвеце ёсьць згадка пра «Сына Польшчы», і чамусьці такі надпіс не псуе ўнівэрсальнасьці гераізму Касьцюшкі, а наш псаваў бы.
23 верасьня АБШ даслала паслу Польшчы ліст з інфармацыяй, што шыльду беларусы Швайцарыі зробяць самі. У тым жа лісьце пацьвярджалася запрашэньне на ўрачыстасьць 21 кастрычніка.
«Шаноўны спадар Якуб Кумах. Шчыра дзякую за Вашу гатоўнасьць да супрацы што да Касьцюшкаўскіх урачыстасьцяў.
Пасьля доўгага роздуму і развагаў Управа Беларускага абʼяднаньня ў Швайцарыі вырашыла арганізаваць імпрэзу 21 кастрычніка 2017 г. сама.
Усе нашыя папярэднія дамоўленасьці наконт даставы і фінансаваньня, такім чынам, страчваюць сілу. Тэкст на дошцы будзе сфармуляваны Беларускім абʼяднаньнем.
Тым ня менш запрашаем на ўрачыстае адкрыцьцё помніка Касьцюшку. Таму дасылаем у дадатку запрашэньне і дакладную праграму. Зь сяброўскім прывітаньнем, А. Сапега. 23.09.2017».
— Пасьля гэтага ліста ад польскага пасольства не было ані сыгналу, ані мэйлу, нічога. Цікава, што польскі пасол выставіў сёньня у Твітэры амбасады пераклад гэтага ліста на расейскую з прапушчаным словам «уступныя» дамоўленасьці. Бо ніякіх дамоўленасьцяў не было, гэта былі ўступныя размовы. Там было паведамлена, што мы самі сфармулюем шыльду. 6-га кастрычніка я прывез помнік у Залятурн і даведаўся, што шыльду зьмянілі. Ад мэра я пачуў, што на гэтае рашэньне ўплывае польская пасольства. Польскія дыпляматы пагражалі, што ня возьмуць удзелу ва ўрачыстасьці. Ліст ад мэра я маю, калі будзе ягоны дазвол, то таксама яго апублікую.
21 кастрычніка ў горадзе Залятурн у Швайцарыі мае адбыцца адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку. Ініцыятва ўшанаваньня героя Беларусі, Польшчы і ЗША належыць швайцарскім беларусам.
Напярэдадні адкрыцьця стала вядома, што польскія дыпляматы дамагліся ад уладаў гораду, каб тыя прыбралі з помніка згадкі пра Беларусь.