У ёй гісторыя ня толькі масавых расстрэлаў, але і змаганьня за Курапаты ў наш час.
Як нагадаў менскі мастак Генадзь Драздоў, які прэзэнтаваў экспазыцыю гарадзенцам, гэта ўжо чацьвёртая выстава на працягу двух з паловай апошніх гадоў, і ўпершыню яна праходзіць за межамі Менску. Горадня, паводле Драздова, невыпадкова выбраная першым горадам пасьля сталіцы. З многіх тысяч ахвяраў, якія ляжаць у Курапатах, дакладна вядомыя пяць прозьвішчаў, і трое зь іх — гарадзенцы.
— «Птушкі, птушкі, раскажыце людзям, што мы ня ў чым не вінаватыя». Гэтыя словы аднае ахвяры на ўсё жыцьцё запомніла сьведка, якая бачыла, як расстрэльвалі людзей у Курапатах, — сказаў мастак Драздоў. — Гэта кранае да сьлёз.
Выстава зробленая дзеля таго, каб ушанаваць у Беларусі месцы масавых расстрэлаў высокамастацкімі аб’ектамі, якія б сталі помнікамі на ўсе часы. Дзеля таго, каб грамадзкасьць асэнсавала тыя падзеі і адбыўся шырокі грамадзкі пратэст супраць сыстэмы, якая панавала у 1930-1940-я гады.
— Асэнсаваўшы гэтыя факты, грамадзкасьць павінна прыйсьці да пакаяньня, бо без пакаяньня рухацца наперад яна ня можа, — зазначыў Генадзь Драздоў.
Каардынатар ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» журналіст Марат Гаравы, які таксама прэзэнтаваў «Праўду пра Курапаты», зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі не адныя Курапаты. І варта рабіць канкрэтныя крокі, каб кожны беларус даведаўся пра іх.
— Ад нас хаваюць архівы, кажуць, што гэта сакрэтная інфармацыя. Але мы працуем і ўжо шмат здолелі дасьледаваць. Мы цяпер ведаем, як ішла дарога сьмерці, яе працягласьць, ведаем браму ў Курапаты, як быў разбудаваны палігон, як вялася варта, дзе стаялі вышкі назіральныя, дзе знаходзілася будка ахоўнікаў; ведаем нават, дзе была крама, куды ахоўнікі заходзілі, каб купіць гарэлку, каўбасу, хлеб і скардзіліся прадаўцу на сваю цяжкую працу... Мы ведаем, што НКВД забівала сваіх ахвярах у Курапатах нават тады, калі немцы ўжо ўваходзілі ў Менск... І ёсьць неабвержныя сьведчаньні, адкуль, калі і як вывозілі з Курапатаў парэшткі расстраляных людзей...
На выставе ўважліва разглядае экспанаты ўніяцкі сьвятар Андрэй Крот. Ён кажа, што даведаўся пра Курапаты раней, і менавіта тое незабыўнае ўражаньне сталася для яго, яшчэ ў падлеткавым узросьце, адным з момантаў усьведамленьня прыналежнасьці да беларускага народу.
— Гледзячы цяпер на гэтую выставу, у мяне няма цяжкага адчуваньня, я тут захапляюся тымі людзьмі, якія дбаюць пра Курапаты, якія ўшаноўваюць памяць і змагаюцца за іх, ставяць крыжы і памятныя знакі і імкнуцца, каб астатнія людзі ў Беларусі не забываліся пра гэта.
Студэнтка Паліна расказала, што ведае пра Курапаты зь пятае клясы. У іх была добрая настаўніца, якая павезла дзяцей у Менск на экскурсію і завяла ў Курапаты.
— Мне яшчэ ў дзяцінстве ўрэзаліся ў памяць Курапаты. Мы тады мала што разумелі, але пачуцьцё нечага вельмі важнага з таго часу засталося. І цяпер гэта жыве са мной. Я паглядзела на выставу і прыгадала тыя мясьціны, дзе мы былі ў дзяцінстве, і тое дзіўнае пачуцьцё, якое засталося на ўсё жыцьцё. Тыя крыжы, той лес — усё так выразна ўспомнілася...
Выстава «Праўда пра Курапаты» будзе экспанавацца да 26 кастрычніка ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця, вуліца Савецкая, 3. Арганізатары паведамілі, што далей яе чакаюць у іншых гарадах Беларусі, а таксама за межамі нашае краіны.