Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабадзенка заклікаў стварыць помнік Касьцюшку на яго радзіме


Памятная шыльда на камяні ў Мерачоўшчыне
Памятная шыльда на камяні ў Мерачоўшчыне

Грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка абвясьціў збор сродкаў на помнік Тадэвушу Касьцюшку ва ўрочышчы Мерачоўшчына.

Збор сродкаў пачаўся на краўдфандынгавай пляцоўцы talaka.org.

Паводле Глеба Лабадзенкі, ва ўрочышчы Мерачоўшчына (каля гораду Косава Івацэвіцкага раёну) ёсьць музэй-сядзіба Тадэвуша Касьцюшкі.

«Кіраўніцтва музэю зь вялікім энтузіязмам успрыняло ідэю паставіць побач помнік нашаму слаўнаму земляку. Арганізацыйныя пытаньні яны бяруць на сябе, — піша ў фэйсбуку актывіст. — А кожны з нас зараз мусіць адкрыць кашалёк і даць капейчыну на гэты помнік, каб ён быў сапраўды народны. На шыльдзе, супраць якой паўстала польская амбасада ў Швайцарыі, плянавалася напісаць: „Выбітнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў“. Невядома, чым скончыцца гісторыя там. Давайце зробім так, каб гэты надпіс дакладна зьявіўся на шыльдзе пад помнікам у Мерачоўшчыне. І гэта будзе вельмі сымбалічна, што на 200-я ўгодкі сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі мы, беларусы, паставім яму два помнікі — на месцы нараджэньня і месцы сьмерці».

Глеб Лабадзенка сказаў карэспандэнту Свабоды, што адміністрацыя музэю на радзіме Касьцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына бярэ на сябе ўзгадненьне помніка зь мясцовымі ўладамі.

«Спадзяюся, ніякіх перашкодаў тут ня будзе. Гэта помнік будзе нагадваць той, які адкрываецца цяпер у Залятурне, рабіць будзе той самы скульптар.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Гэтым і абумоўлены такі незвычайна нізкі кошт для такога помніка. На жаль, калі рабіць яго ў Беларусі, гэта выйдзе ў 3-4 разы даражэй. Алесь Сапега першапачаткова помнік для Залятурна вельмі хацеў рабіць у Беларусі, але быў названы кошт у 25 тысяч даляраў за працу і матэрыял. На маю думку, вельмі сымбалічна, што на 200-я ўгодкі сьмерці Касьцюшкі на месцы ягонага нараджэньня і сьмерці паўстануць падобныя помнікі».

У невялічкім гарадку Залятурн, дзе пражываюць прыкладна 15 тысяч чалавек, беларуская дыяспара хоча паставіць помнік Тадэвушу Касьцюшку. 21 кастрычніка павінна адбыцца ўрачыстае адкрыцьцё.

Аднак на патрабаваньне польскага боку з памятнай шыльды прыбралі ўсе згадкі пра Беларусь. Зь яе зьніклі ня толькі словы «сыну Беларусі ад удзячных суайчыньнікаў», але ня стала і вэрсіі тэксту, напісанай па-беларуску.

Паводле прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Швайцарыі, згадкі пра Беларусь зьніклі праз намаганьні польскага амбасадара ў Бэрне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG