Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага байкера, які загінуў у Сырыі, пахавалі ў закрытай труне


Беларуса Аляксея Ярашэвіча, які загінуў у Сырыі, пахавалі 10 кастрычніка ў другой палове дня, меркавана на могілках пад Гомлем. Ярашэвічу было 42 гады.

Пра тое, што пахаваньне адбылося, журналістам Свабоды паведаміў кіраўнік гомельскага клюбу байкераў «Начныя ваўкі», сябра Ярашэвіча Павал Канін. Назваць дакладны час і месца пахаваньня Павал Канін адмовіўся. «Навошта? Гэта вам, журналістам патрэбна шуміха, а тут пахаваньне, справа сумная», — патлумачыў закрытасьць гомельскі байкер.

10 кастрычніка наконт меркаванага часу пахаваньня Аляксея Ярашэвіча таксама захоўваўся рэжым сакрэтнасьці ад журналістаў. Пасьля абеду Павал Канін паведамляў усім прадстаўнікам мэдыя, якія зьехаліся ў Гомель, што яшчэ не атрыманыя неабходныя дакумэнты, ды не выключаў, што пахаваньне адбудзецца 11 кастрычніка. Але сёньня раніцай байкер паведаміў, што ягонага сябра ўжо пахавалі. Пры гэтым Павал Конін адмовіўся паведаміць месца. Журналісты Свабоды паспрабавалі самі знайсьці могілкі, дзе быў пахаваны Аляксей Ярашэвіч. На гарадзкіх Стукачоўскіх могілках сярод пахаваных 10 кастрычніка Аляксея Ярашэвіча не аказалася. Паводле даведак зь іншых гарадзкіх могілак, такога нябожчыка ўчора нідзе не хавалі. Улічваючы, што ў Ярашэвіча ў Гомлі жыве маці, а бацька раней памёр, сына маглі падхаваць да бацькі.

Што вядома аб прычыне сьмерці Аляксея Ярашэвіча?

Павал Конін сказаў толькі, што ягонага сябра хавалі ў закрытай труне і ён ня можа сказаць, ці былі ў нябожчыка бачныя траўмы. Якая прычына пазначаная ў даведцы аб сьмерці Аляксея Ярашэвіча, Павал Конін таксама не назваў. Пры гэтым ён мяркуе, што Аляксей Ярашэвіч хоць і загінуў на вайне, але ў баях мог і ня ўдзельнічаць.

«Гэта тут спакойна, а ў Сырыі вакол ідзе вайна. Таму ясна, ад чаго ён загінуў — ад вайны. Але мне вядома, што ён не ваяваць туды паехаў, а працаваць. У Расеі Аляксей працаваў у прыватным ахоўным прадпрыемстве „Воўк“, яны ахоўвалі розныя аб’екты, у тым ліку будоўлі. Мог і туды паехаць, каб ахоўваць будоўлю», — сказаў кіраўнік байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» з Гомлю.

На просьбу карэспандэнта Свабоды Павал Конін так ахарактарызаваў свайго сябра:

«Як чалавек быў вельмі добры, чульлівы. Мы даўно знаёмыя, разам яшчэ ў маладосьці рамантавалі аўтамабілі, разам захапіліся матацыкламі. У яго была „Ява“ — ягоны першы байк. А на якім прыяжджаў сюды з Масквы, ужо і ня памятаю. Апошні раз гэта было гады 3-4 таму. Ён больш як 10 гадоў таму зьехаў з Гомлю, бо тут стала цяжка з працай. Разьвёўся з жонкай, тут у яго застаўся сын, ужо вялікі. Знайшоў працу ў Падмаскоўі, працаваў ахоўнікам. Працягваў езьдзіць з „Начным ваўкамі“, у клюбе Залдастанава».

Вядома, што кіраўніка расейскага клюбу байкераў Аляксандра Залдастанава (байкерская мянушка «Хірург»), чыя ахоўная фірма «Воўк» месьціцца ў Даўгапрудным, чакалі ў Гомлі на пахаваньне Аляксея Ярашэвіча, зь якім ён быў добра знаёмы. «Ці прыяжджаў учора на пахаваньне Залдастанаў?» — «Ня ведаю», — адказаў Павал Конін. Заўважу, што Павал сьцьвярджаў, што сам прысутнічаў на пахаваньні. Паводле яго, пахаваньне Аляксея Ярашэвіча адбылося сьціпла, паводле праваслаўнай традыцыі. «Нябожчыка адпяваў бацюшка, былі сваякі — маці, сын, былі сябры. Усё прайшло добра», — сказаў Павал Конін.

Байкер «Хірург» Залдастанаў вядомы тым, што клюбу «Начныя ваўкі» пад ягоным кіраўніцтвам аказваюць падтрымку ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Расейскія «ваўкі» шмат разоў бывалі і ў Беларусі, тут іх заўсёды чакаў цёплы прыём, у тым ліку з боку афіцыйных асобаў. Разам з байкерамі ня раз бачылі сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара.

Калі журналіст Свабоды тлумачыў Паўлу Коніну свой прафэсійны інтарэс да пахаваньня байкера Ярашэвіча тым, што той стаў першым беларусам, які загінуў на вайне ў Сырыі, Павал спытаў: «А чаму вы думаеце, што ён першы?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG