Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камсамолец, «алігарх», бээнэфавец


Васіль Астроўскі
Васіль Астроўскі

Чарговы герой «Інтэрвію тыдня» — прадпрымальнік, былы сябра Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце Беларусі і сябра Партыі БНФ Васіль Астроўскі. Ён расказвае пра свой шлях ад камсамольскага функцыянэра да прадпрымальніка, адказвае на пытаньне, чаму прыйшоў у БНФ і тлумачыць, чаму фінансава не дапамог партыі, каля яго пра гэта папрасілі.

— Давайце пачнем зь некаторых біяграфічных зьвестак. «Басаногае дзяцінства» пакінем у спакоі, а адразу пераключымся на камсамольскае юнацтва. Наколькі я ведаю, у 80-я, у часе перабудовы, вы працавалі ў камсамоле, а потым сталі прадпрымальнікам. Як гэта адбылося?

— Па-першае, пачынаў я музыкантам. Я дырыжор, хормайстар, закончыў Інстытут культуры, пасьля асьпірантуру і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук. Так атрымалася, што я прыехаў у Валожын на сваю малую радзіму і пайшоў уладкоўвацца ў музычную школу. І мы там зрабілі камсамольска-моладзевы дыска-клюб «Куток жаданьняў». І так у выніку праз гэты клюб я і трапіў на камсамольскую працу.

У камсамоле я працаваў у аддзеле культуры і заўсёды адказваў за арганізацыйныя пытаньні. Пасьля Ўсясьветнага фэстывалю моладзі ў Маскве 1985 году ў мяне зьявілася ідэя, што трэба ўсю творчую моладзь, «нефармалаў», як тады казалі, сабраць разам. Былі дні, калі ў нас у Палац чыгуначнікаў па 500 чалавек прыходзіла. Я і з «Талакой» кантактаваў, з цудоўнымі хлопцамі — Вячоркам, Івашкевічам, Вітушкам, Сушам. Мы сядзелі, разважалі, думалі.

Мне тады казалі, што аддзел культуры камсамолу — гэта быў «бээнэфаўскі аддзел». І калі мяне пытаюцца, чаму ты цяпер уступіў у БНФ, я адказваю — я ў БНФ з 1989 году. Калі я нават ня быў афіцыйна сябрам Фронту, сэрцам заўсёды быў там. Проста лёс склаўся так, што мне давялося паехаць вучыцца ў Нарвэгію....

— А як гэта «лёс склаўся так», што савецкі чалавек і камсамольскі работнік паехаў вучыцца ў Нарвэгію?

— Тады мы стваралі цэнтры навукова-тэхнічнай творчасьці моладзі. Дарэчы, маладыя хлапцы там даволі добра зараблялі. І вось да нас прыехалі эколягі з Нарвэгіі, мы іх сустрэлі, паказалі Бярэзінскі заказьнік, усё гэта было для іх бясплатна, мы гэта фінансавалі. Яны даведаліся пра гэта, вельмі зьдзівіліся і запрасілі некалькіх чалавек за кошт нарвэскага ўраду вучыцца ў іх. Я падумаў і пагадзіўся.

— А калі вы пайшлі ў бізнэс? Даволі традыцыйны шлях для камсамольскага работніка.

— Ведаеце, тады, каб трапіць на ўзровень райкаму, тым больш ЦК камсамолу, трэба было мець нейкі ўзровень і лідэрскія якасьці. Я і ў школе, і ў студэнцтве быў добрым арганізатарам, камандзерам студэнцкага атраду, канцэртнай брыгады і гэтак далей. А прадпрымальніцтва — гэта ў мяне ад бацькоў, думаю.

— На апошнім зьезьдзе БНФ вы называлі сур’ёзныя лічбы пра колькасьць сваіх фірмаў і бізнэсаў. Вас там нават назвалі «нашым алігархам». Але колькасьць фірмаў не абавязкова сьведчыць пра нейкі камэрцыйны посьпех. Як бы вы ацанілі свой цяперашні стан у бізнэсе?

Але надышоў 1994 год і я трапіў пад молат тагачаснага кіраўніка справамі Адміністрацыі прэзыдэнта Івана Ціцянкова.

— Я быў адным з першых прадпрымальнікаў, хто ў 1991 годзе адкрыў сваю першую кампанію. У мяне быў адзін з першых буцікоў у Менску, юрыдычная кампанія, кампанія нерухомасьці, пачалі будаваць свой гатэль у Бярэзані. Але надышоў 1994 год і я трапіў пад молат тагачаснага кіраўніка справамі Адміністрацыі прэзыдэнта Івана Ціцянкова. І ўсё, што я ствараў 4 гады, давялося закрываць.

У нулявыя гады пачаўся новы этап: я пачаў адраджаць свой бізнэс, выкупіў памяшканьне для офісу. Але цяпер там знаходзіцца банк «Масква-Менск», мяне адтуль выкінулі незаконна, паколькі там быў подпіс Лукашэнкі і Лужкова.

Цяпер я падымаюся ўжо трэці раз. Відаць, доля мая такая.

— Калі вы два гады таму прыйшлі ў БНФ і вылучаліся ад партыі на парлямэнцкіх выбарах 2016-га, то выглядала гэта досыць незвычайна. Традыцыйна апошнія 20 гадоў беларускія прадпрымальнікі трымаюцца як мага далей ад апазыцыі, а тут бізнэсовец сам прыходзіць у партыю БНФ. Што БНФ можа вам даць, чаму вы туды прыйшлі?

— Вы зноў — «чаму я прыйшоў». А я кажу, што сэрцам я ніколі адтуль не выходзіў. Калі першае паседжаньне было ў Доме палітасьветы (цяпер канцэртная заля «Менск») у 1989 годзе, я там выступаў і падтрымліваў стварэньне БНФ. Але калі быў зьезд, я ўжо вучыўся ў Нарвэгіі.

Я беларус, і гэтыя ўсе пытаньні, якія ставіць партыя БНФ — мае. Што мяне штурхнула прыйсьці ў БНФ? Ну колькі можна трываць тое, што ў краіне адбываецца. Мне страшна становіцца, што мае дзеці (у мяне іх пяцёра) пачынаюць разважаць, каб выехаць зь Беларусі. Чаму мы павінны адсюль выяжджаць? Трэба, каб у нас тут было добрае жыцьцё.

— Вы на зьезьдзе Партыі БНФ паведамілі, што засталіся ў Радзе разьвіцьця прадпрымальнікаў пры прэзыдэнце...

— Так, я заставаўся там, разам з самымі вядомымі прадпрымальнікамі Беларусі — Машэнскі, Мартынаў ды іншыя. Як я туды трапіў? Я жартую — напэўна, паглядзелі, што няма ніводнага «Васіля», вось мяне і ўключылі. На самай справе, я 10 гадоў узначальваў Менскую гарадзкую раду разьвіцьця прадпрымальніцтва пры Менскім гарвыканкаме. Але пасьля парлямэнцкіх выбараў мяне зь менскай рады турнулі. А цяпер — вось літаральна сёньня Лукашэнка выдаў Указ пра новы склад Рады, і мяне там ужо няма.

— Але гэтай зімой, калі ў партыі БНФ былі моцныя матэрыяльныя праблемы і да вас прыйшлі з просьбай даць ці пазычыць грошы, то вы адказалі, што грошай няма. Ці ў вас сапраўды не было ў той момант сродкаў ці вы проста не дапамаглі сваёй партыі зь нейкіх прынцыповых прычынаў?

Ведаеце, каго не люблю? Галадранцаў.

— Ведаеце, каго не люблю? Галадранцаў. Такія ў 1917 годзе ўжо прыйшлі да ўлады адзін раз. Калі людзі ня ўмеюць зарабляць грошы, пракарміць сябе, ходзяць, бадзяюцца — я зь імі ў адной камандзе ня буду.

Але тут сытуацыя была трошкі іншая. Прыйшлі, сказалі: «Васіль, зьвярніся да прадпрымальнікаў, каб яны далі нам грошы». За што, для чаго? А дзе вы былі, мае сябры, калі праблемы былі ў прадпрымальнікаў? У нас як не было магчымасьці працаваць вольна, так і няма; нам навязваюць, чым гандляваць, што вырабляць ды іншае.

— А што тут можа зрабіць партыя? Яна ж ня мае сваіх дэпутатаў, сваіх чыноўнікаў. Можа прыняць заяву нейкую — але, здаецца, БНФ такія заявы прымала. Што яшчэ можа зрабіць партыя?

— Я разумею. Але каб бізнэсоўцы пачалі дапамагаць, яны павінны бачыць, што гэта партыя, якая іх падтрымлівае і гучна гаворыць аб праблемах бізнэсу. Людзі, якія зарабляюць грошы, лічаць кожную капейку. І я ў гэтым пляне даволі жорсткі чалавек, лічу, што фінансаваньне ў кожнай партыі павінна быць самастойным. Ня трэба пабірацца, трэба зарабляць самім.

— На зьезьдзе Партыі БНФ вы былі вылучаныя на пасаду старшыні і не ўзялі самаадвод, выступілі з прамовай. У выніку за вас прагаласавалі 7 чалавек. Ці азначае гэта, што вы плянуеце весьці больш актыўную партыйную працу далей?

У мяне склалася такое ўражаньне, што кіраўніцтва партыі мяне баіцца.

— Ведаеце, калі я прыйшоў у БНФ, да мяне там ставіліся вельмі насьцярожана. «Як гэта чалавек такога ўзроўню прыйшоў да нас?» Я быў нібыта пад прыцэлам увесь час. Я не прэтэндаваў і не прэтэндую пакуль ні на якую пасаду ў партыі. Мне проста хочацца быць самім сабой і рабіць тое, што я лічу патрэбным. Калі мяне вылучылі, то я хацеў атрымаць гэтыя некалькі хвілінаў, каб выказаць свае думкі. Бо за ўвесь час у БНФ у мяне не было магчымасьці выказацца, паўдзельнічаць у дыскусіі. У мяне склалася такое ўражаньне, што кіраўніцтва партыі мяне баіцца.

— Наперадзе новыя палітычныя кампаніі, мясцовыя, парлямэнцкія, прэзыдэнцкія выбары. Ці вы разглядаеце магчымасьць цалкам пераключыцца на палітычную дзейнасьць, зрабіць яе асноўнай у сваім жыцьці?

— У мяне шмат ідэяў, як дапамагаць людзям, мы гэта абмяркоўвалі з сябрамі па партыі. Мы будзем працаваць, рабіць так, як мы гэта бачым. Калі будуць нейкія канфлікты, то будзем іх вырашаць. Я лічу, што ў палітычных партыях павінна быць больш людзей, якія ўмеюць кіраваць, працаваць зь людзьмі, маюць уласныя прадпрыемствы — яны патрэбныя кожнаму палітычнаму руху.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG