Крыніцы ў Эўразьвязе паведамляюць, што ЭЗ гатовы вітаць беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку на саміце «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца ў наступным месяцы ў Брусэлі. Пра гэта паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Крыніцы ў ЭЗ у размове зь Юзьвякам падкрэсьлілі, што Беларусь была запрошаная прыняць удзел у саміце 24 лістапада ў Брусэлі «без абмежаваньняў» — гэтак жа, як і пяць іншых чальцоў «Усходняга партнэрства»: Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна.
Запрашэньні на саміт былі накіраваныя краінам «Усходняга партнэрства» 6 кастрычніка.
Напярэдадні чатырох папярэдніх самітаў «Усходняга партнэрства» ЭЗ ясна даваў зразумець, што на іх не чакаюць Лукашэнку, які кіруе Беларусьсю шмат гадоў і якога называлі «апошнім дыктатарам Эўропы».
На апошнім такім саміце, які праходзіў у Рызе ў 2015 годзе, Менск прадстаўляў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.
Эўразьвяз ўпершыню ўвёў абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі ў 2004 годзе ў сувязі са зьнікненьнямі апазыцыйных палітыкаў, бізнэсоўца і журналіста.
Эўрапейская Рада прыняла дадатковыя санкцыі ў сувязі з жорсткім здушэньнем акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году.
Але ў лютым 2016 году ЭЗ зьняў большасьць санкцыяў супраць Беларусі. Былі скасаваныя замарожваньне актываў і забароны на выдачу візаў 170 беларускім грамадзянам, у тым ліку Лукашэнку і вышэйшым службовым асобам, а таксама абмежавальныя меры супраць 14 кампаніяў. Гэтае рашэньне было прынятае ў адказ на вызваленьне ўсіх беларускіх палітычных вязьняў і ў кантэксьце паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.