Удзень 8 кастрычніка 2016 году 17-гадовы Ўлад Казакевіч напаў з бэнзапілой на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Эўропа» ў Менску, забіў бэнзапілой адну жанчыну і параніў сякерай другую. Нападніка спынілі супрацоўнікі гандлёвага цэнтру. Напад пачаўся ў 17:28, але міліцыю выклікалі толькі ў 17:36.
Казакевіч прызнаны вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю, замаху на забойства з хуліганскіх намераў, нанясеньні траўмаў. Праз складаньне пакараньняў усяго Казакевічу суд прызначыў 15 год калёніі агульнага рэжыму (ня строгага, бо быў непаўнагадовым на момант злачынства). Грамадзянскія пазовы пацярпелых задаволеныя амаль у поўным памеры — на суму ў 200 тысяч рублёў.
Сам абвінавачаны прызнаў віну цалкам, але пры гэтым не павініўся, а ў апошнім слове нават заявіў пра жаль, што ня цалкам зьдзейсьніў задуманае. Паводле прызнаньняў у судзе, Улад Казакевіч, якому толькі пасьля злачынства споўнілася 18 гадоў, плянаваў забіць бэнзапілой некалькі чалавек, каб у выніку яго застрэлілі міліцыянты. Прысуд пераглядалі праз апэляцыйную скаргу, але пакінулі бязь зьменаў.
У судзе стала вядома, што раней Казакевіч двойчы рабіў няўдалыя спробы суіцыду. Жаданьне пайсьці з жыцьця падсудны тлумачыў расчараванасьцю ў сабе і людзях. Дасудовая экспэртыза прызнала Казакевіча псыхічна здаровым у момант зьдзяйсьненьня дзеяньняў, якія яму інкрымінавала сьледзтва.
Падсудны Казакевіч: «Вырашыў, што выдатная ідэя — папілаваць людзей бэнзапілой»
Між тым да нападу на ГЦ «Эўропа» малады чалавек лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі і прымаў адмысловыя лекі. На працэсе высьветлілася, што з 14 гадоў Казакевіч фактычна жыў адзін, без бацькоў. Ягоныя бацькі разьвяліся, маці зьехала жыць у Нямеччыну, бацька, які жыве ў Менску, таксама ня жыў з сынам. На працэсе бацькі Казакевіча прысутнічалі на судовых дэбатах, якія адбываліся 27 лютага.
Паміж расстрэлам, турмой ды вар’ятняй. Як у Беларусі караюць «адэкватных» і «неадэкватных» злачынцаў
Бацька Казакевіча настойваў, што сыну патрэбная не турма, а прымусовае лячэньне. Бацька ня згодны з заключэньнем мэдычных экспэртаў, што Ўлад зьдзейсьніў забойствы ў стане сьвядомасьці. Яму падаецца неверагодным, што 17-гадовы хлопец, які да таго нікому нічога кепскага не зрабіў, раптам узяў і пайшоў набываць прылады, каб забіваць людзей. Паводле бацькі, вінаватая айчынная мэдычная сыстэма. Нягледзячы на шматлікія абсьледаваньні сына ў псыхіятрычных установах, лекары так і не змаглі вызначыць усю небясьпеку ягонага стану. Тое, што падставай для злачынства маглі стаць стасункі ў сям’і, Казакевіч-старэйшы адмаўляў — і ён, і маці Ўлада, хоць і не жылі разам, ніколі не пакідалі сына, увесь час то яна, то ён сам былі побач зь ім, а калі не, то перазвоньваліся.
Муж загінулай казаў, што задаволены прысудам, «у межах сёньняшняга закону ён справядлівы, але ўсё ж 15 гадоў за такое злачынства, гэта мала, закон трэба карэктаваць».