16–17 верасьня ў менскім кінатэатры «Масква» адбылася прэмʼера мастацкага фільму «Жоўты пясочак» па апавяданьні Васіля Быкава. Стужка расказвае пра сталінскія рэпрэсіі 1930-х, у прыватнасьці, пра расстрэлы «ворагаў народу» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
Паводле рэжысэра Аляксея Туровіча, ніводная іншая сталічная ўстанова — агулам іх амаль тры дзясяткі — цікавасьці да пракату ня выявіла.
Больш адважнай аказалася Меншчына. Пачынаючы ад 26 верасьня «Жоўты пясочак» паглядзелі некалькі тысяч чалавек у 20 гарадах. Сярод іх Маладэчна, Слуцак і Жодзіна, Нарач, Старыя Дарогі, Беразіно, Крупкі, Чэрвень, Нясьвіж, Валожын, Дзяржынск, Марʼіна Горка, Барысаў ды іншыя.
Апошні дзённы сэанс і сустрэча творчага калектыву з гледачамі адбудзецца 8 кастрычніка ў Вілейцы.
Як кажа спадар Туровіч, яму самому давялося езьдзіць па гарадах і асабіста ўгаворваць дырэктараў кінатэатраў узяць фільм хоць бы на адзін паказ.
А вось спробы паспрабаваць шчасьця ў іншых абласьцях — збольшага бясплённыя:
«У берасьцейскім кінавідэапракаце папрасілі пачакаць, бо „будуць думаць“, гарадзенскі і магілёўскі адмовілі катэгарычна. Гомельскі даў дазвол на кіназалю „МініОН“, якая зьмяшчае 20 гледачоў. Да віцебскіх пракатнікаў пакуль не дастукаўся. Катэгарычнай адмовай адказалі ў адміністрацыі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі»,— кажа Аляксей Туровіч.
Ён дадае, што быў гатовы паказаць стужку на беларускіх тэлеканалах бясплатна, аднак у Белдзяржтэлерадыёкампаніі яму адказалі, што ў фільме ня маюць патрэбы.
Аналягічны лёс чакаў і ягоны зварот у Міністэрства культуры, якое апякуецца міжнародным кінафэстам «Лістапад». У лісьце за подпісам намесьніцы міністра Ірыны Дрыгі паведамляецца, што заяўка не задаволеная з прычыны спазьненьня падачы. А ігнараваньне прэмʼеры патлумачылі ўдзелам у «іншых важных мерапрыемствах».
Аляксей Туровіч кажа, што адпачатку разумеў: псыхалягічнай драме наўрад ці наканаваны камэрцыйны посьпех. Таму сваю працу разглядае больш як гуманітарны ўнёсак дзеля вяртаньня праўды пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Мала таго, на фінішнае зьвядзеньне рэжысэру давялося браць крэдыт, каб разьлічыцца з гукарэжысэрам — цяпер выплочвае 250 даляраў штомесяц.
У бліжэйшых плянах аўтара — зрабіць беларускамоўны дубляж кінастужкі, чаго патрабавалі і госьці менскай прэмʼеры. Першапачаткова фільм задумваўся ў тым ліку і для паказу ў Расеі, аднак тамтэйшыя пракатнікі ад тэмы сталінскіх рэпрэсіяў дыстанцыююцца.
Кінарэжысэр усьцешаны, што, нягледзячы на шматлікія перашкоды, хай сабе ў абмежаваным выглядзе, але данесьці фільм да гледача ўсё ж удаецца. Асабліва гэта важна ў 80-ю гадавіну кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій.