Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклага Максіма Мархалюка аб’явілі ў міжнародны вышук


Зьніклага 16 верасьня ў Белавескай пушчы Максіма Мархалюка шукаюць і за межамі Беларусі. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў Сьледчы камітэт Беларусі.

На пачатку тыдня зьявілася інфармацыя, што нібыта на тэрыторыі Польшчы дальнабойшчык падвозіў у сваёй машыне 10-гадовага хлопчыка. Аднак, як пазьней высьветліла паліцыя, хлопчык не падобны да Максіма Мархалюка.

Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, міжнародны пошук Максіма быў аб’яўлены з 2 кастрычніка, але вынікаў пакуль няма. Тым часам у вёсцы Новы Двор Сьвіслацкага раёну пошук працягваюць супрацоўнікі міліцыі, Сьледчага камітэту і МНС. Пра гэта Свабодзе паведаміла кіраўніца справамі Навадворскага сельсавету Вера Лісоўская:

— Цяпер ужо столькі людзей, як ехалі да нас з усяе Беларусі, няма. Пошукамі займаюцца адмыслоўцы. Але ў вёсцы людзі працягваюць думаць і гавараць пра гэта. Ужо так хочацца, каб зьявіліся добрыя навіны, усе чакаюць. І ніхто ня можа ўявіць нават, куды ён мог зьнікнуць. Зьявілася надзея, калі паказалі ў навінах, што нейкі хлопчык знайшоўся ў Польшчы, але высьветлілася, што гэта ня наш Максім... Усе перажываюць у вёсцы, чакаем навінаў.

Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы
Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы

Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная вэрсія зьнікненьня, але асноўная па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблукаў у лесе.

Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22 гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.

У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў. Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.

Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валянтэраў, але ў мінулую пятніцу супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках бяруць удзел адмыслоўцы.

Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы. 23 верасьня 2017 году
Падчас пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы. 23 верасьня 2017 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG