Адзінаццатыя суткі шукаюць 10-гадовага Максіма Мархалюка, які зьнік у Новым Двары Сьвіслацкага раёну. Па-ранейшаму ніякіх сьлядоў Максіма ня выяўлена. Сьледчы камітэт завёў сёньня крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК.
1. Абставіны зьнікненьня
Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22 гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС. У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў.
2. Дзе гэта адбываецца
Усе падзеі адбываюцца ў вёсцы Новы Двор Сьвіслацкага раёну на ўскрайку Белавескай пушчы. Хата Мархалюкоў стаіць на ўскрайку вёскі, побач зь лесам. Мэтраў за 500 ад хаты ў лесе збудаваны шалаш, дзе Мархалюкі сушаць грыбы.
Ужо ў панядзелак 18 верасьня на пошукі Максіма выйшлі ня толькі міліцыянты і супрацоўнікі МНС, а і настаўнікі ягонай школы, старшаклясьнікі, жыхары Новага Двара і навакольных вёсак, прыехалі валянтэры з розных гарадоў Беларусі.
3. Пра Мархалюкоў
Максіму Мархалюку 10 гадоў. Паводле міліцэйскай зводкі, ён выглядае на 8–9 гадоў, быў у сініх спартовых штанах, карычневым швэдры з капюшонам, вішнёвай безрукаўцы.
Маці Валянціна Мікалаеўна робіць тэхнічкай у школе, бацька Валеры Мікалаевіч — рабочы мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Спадарыня Валянціна сказала Свабодзе, што яны абхадзілі ў пошуку Максіма ўсё навакольле і днём і ноччу, агледзелі балота і закінутыя дамы, прачэсвалі лес, але безвынікова. Старэйшы брат Максіма Саша (скончыў ужо вайсковую вучэльню) сказаў, што брат папярэдзіў яго: маўляў, паходзіць толькі па ўскрайку лесу і вернецца дадому. Ён таксама кажа, што Максім адзін далёка нікуды не хадзіў, што ў той дзень ні з кім не сварыўся. Паводле Сашы, ягоны брат мог напалохацца чарады зуброў — там, дзе Максім пакінуў свой ровар і кошык, было багата зубрыных сьлядоў.
У першыя дні, як хлопчык зьнік, бацькі зьвярнуліся да варажбітак і экстрасэнсаў — тыя нібыта казалі, што хлопчык жывы.
4. Вэрсіі пошукавага штабу
Праз 10 дзён па зьнікненьні Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК.
Артыкул пастанаўляе пачынаць справу, калі цягам 10 дзён ад падачы заявы аб зьнікненьні чалавека выявіць яго месцазнаходжаньне не ўдалося. Раней сьледчыя казалі пра адсутнасьць прычын меркаваць, што хлопчык стаў ахвярай злачынства.
Асноўная вэрсія, якой на працягу дзесяці дзён прытрымліваліся ў пошукавым штабе, — хлопчык заблукаў у лесе.
Тэрыторыя лесу разьбітая на квадраты, кожны зь іх правяраецца. У штабе кажуць, што шукальнікі прайшлі да той максымальнай адлегласьці, якую мог пераадолець хлопчык за гэты час. Па-ранейшаму ў пошуку задзейнічаныя верталёты і бесьпілётнікі зь цеплавізарамі. Пошукі працягваюцца.
5. Галоўная небясьпека ў пушчы
Паводле каардынатара шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Крысьціны Басавай, якая двойчы выяжджала ў Новы Двор шукаць Максіма, самае небясьпечнае для хлопчыка — дзікія жывёлы, непраходныя балоты і само надвор’е.
«За гэтыя дні мы сустрэлі і зуброў, і ваўка, і дзікоў, і казулю, — кажа спадарыня Крысьціна. — На тыдні былі дажджы, мокра і студзёна. Гэта ўсё вельмі складана нават для падрыхтаванага дарослага чалавека».
6. Што кажуць людзі
Мясцовыя цьвердзяць, што хлопчык падрыхтаваны і зьнікнуць у лесе так проста ня мог. Многія зь месьцічаў лічаць, што яго маглі напалохаць зубры, і дапускаюць, што ён там проста хаваецца.
Праўда, тыя ж мясцовыя дадаюць, што падобных выпадкаў у іх вёсцы ніколі раней не здаралася. Маўляў, і дзеці вясковыя добра ведаюць, куды можна пайсьці, а куды ня варта. Пра Максіма кажуць, што зь незнаёмымі людзьмі ён нікуды б не пайшоў і тым болей нікуды б не паехаў.
7. Маштабная пошукавая апэрацыя
Апэрацыю па пошуку Максіма назвалі самай маштабнай у Беларусі.
Праз тыдзень пасьля зьнікненьня Максіма ў Беларусі быў абвешчаны збор усіх шукальніцка-ратавальных атрадаў. У мінулыя выходныя ў пошуках хлопчыка бралі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Акрамя супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў, памежнікаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў МНС, у Новы Двор прыехалі шукальнікі з усяе Беларусі, валянтэры са Смаленскай вобласьці і Літвы.
8. Неймаверная колькасьць валянтэраў
Самая вялікая колькасьць шукальнікаў назіралася ў выходныя дні. Па афіцыйных зьвестках, у суботу ў Новы Двор зьехаліся звыш дзьвюх тысяч шукальнікаў. Адмыслоўцы адзначалі, што многія людзі наагул ня мелі ніякага вопыту ў падобных апэрацыях, часам папросту ня ведалі, як сябе паводзіць і што рабіць.
Тым ня менш усіх разьбілі на групы, кожная зь якіх атрымала свой квадрат пошуку.
Валянтэры кажуць, што хадзілі лесам і балотамі па 10 гадзін, часам пад дажджом. Але ніякіх сьлядоў Максіма выявіць нікому не ўдалося. Каардынатар шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Крысьціна Басава, нягледзячы на рознага кшталту недахопы ў арганізацыі, лічыць, што пошукі вядуцца на самым высокім узроўні.
«Так, напачатку былі праблемы і нават не было адзінага каардынацыйнага пункту, куды б сьцякалася інфармацыя ад усіх пошукавых групаў. Але за вельмі кароткі час адмыслоўцы здолелі ўпарадкаваць каардынацыю і накіраваць людзей на пошукавыя мерапрыемствы. Здолелі накарміць людзей, абагрэць і даць месца для адпачынку. У гэтым удзельнічалі ўсе. Проста людзі насамрэч былі матываваныя на тое, каб знайсьці Максіма», — сказала Басава.
Паводле Крысьціны, тыя, хто ня змог прыехаць і дапамагчы ў пошуку, пераводзілі грошы на разьліковы рахунак шукальніцка-ратавальнага атраду. І гэта, кажа яна, таксама вялікая дапамога.
9. Ці можа дзіця выжыць у лесе так доўга
Каардынатар шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Кірыл Голубеў, які сёньня каардынуе працу шукальнікаў у Белавескай пушчы, кажа, што верагоднасьць таго, што хлопчык жывы, рэальная. Паводле яго, былі выпадкі, калі чатырохгадовае дзіця, якое зьнікала ў тайзе, выжывала на працягу 10 сутак.
«Мы мяркуем, што хлопчык яшчэ жывы. Пошукі працягваюцца, ніякіх новых сьлядоў Максіма ня выяўлена, але мы верым і шукаем», — кажа Кірыл Голубеў.
Камандзір шукальніцка-ратавальнага атраду «Анёл» Сяргей Коўган сказаў Свабодзе, што апэрацыя мае статус пошукава-ратавальнай.
«Справа ў тым, што цяпер у лесе асабліва няма чым харчавацца. Я разумею, што паляўнічы яшчэ мог бы сабе здабыць ежу, але ж ён не паляўнічы, гэта ж толькі падлетак, і цяжка ўявіць, чым бы ён тут мог харчавацца», — кажа Коўган.
10. Апэрацыя працягваецца
Паводле афіцыйнай інфармацыі, 25 верасьня ў шуканьні Максіма было задзейнічана звыш 500 чалавек. Пошукі працягваюцца, ніякіх новых сьлядоў Максіма пакуль ня выявілі.