Прэзыдэнт ЗША паабяцаў спыніць «агрэсію» Тэгерану.
Прэзыдэнт Дональд Трамп увечары ў чацьвер заявіў, што неўзабаве ён можа аб’явіць, ці выйдуць ЗША з так званай «ядзернай угоды» з Іранам, паведамляе «Голас Амэрыкі». «Вы пачуеце пра Іран вельмі хутка», — заявіў ён журналістам у адказ на пытаньне пра лёс пагадненьня.
Прэзыдэнт ЗША зноў паўтарыў, што, на яго думку, Тэгеран «не выконвае дух» дамовы, заключанай з ЗША і пяцьцю вядучымі ўсясьветнымі дзяржавамі.
«Мы ня можам дазволіць Ірану атрымаць доступ да ядзернай зброі, — сказаў Дональд Трамп. — Іранскі рэжым падтрымлівае тэрарыстаў, распаўсюджвае гвалт, кровапраліцьце і хаос на Блізкім Усходзе. Менавіта таму мы павінны пакончыць з агрэсіяй Ірану, якая працягваецца, і ягонымі ядзернымі амбіцыямі. Яны не выконвалі дух гэтай дамовы».
Паводле ўмовы пагадненьня, на 15 кастрычніка адміністрацыя ЗША павінна афіцыйна аб’явіць, ці выконвае Тэгеран умовы «зьдзелкі», згодна зь якой Іран адмовіўся ад рэалізацыі праграмы стварэньня ядзернай зброі ў абмен на зьмякчэньне санкцый.
Прэзыдэнт Трамп неаднаразова заяўляў пра тое, што ЗША могуць выйсьці з ліку ўдзельнікаў пагадненьня, называючы дамову «горшай угодай, якую я калі-небудзь бачыў». Тым ня менш афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне ў публічных выказваньнях давалі зразумець, што Злучаныя Штаты не зьбіраюцца ісьці на новую канфрантацыю з Тэгеранам.
Як паведамляюць амэрыканскія СМІ, прэзыдэнт мае намер даручыць Кангрэсу разгледзець пытаньне аб выкананьні Іранам умоваў пагадненьня. Падобны крок дазволіць Злучаным Штатам не выходзіць з дамовы, пакінуўшы за сабой права на ўвядзеньне новых санкцый супраць Тэгерану.