Аляксандру Лукашэнку «паклалі на стол» праект зьменаў у дэкрэт № 3, які ён абяцаў абнавіць да 1 кастрычніка. Што менавіта прапануюць зьмяніць у дэкрэце, не ўдакладнялася: гаварылася, што далі новую назву і правялі «карэнную рэканструкцыю». Tut.by распытаў чыноўнікаў, якія менавіта зьмены прапануюцца.
- Новая назва: дэкрэт «па спрыяньні занятасьці». Гэта раней пацьвердзіў намесьнік міністра працы Валер Кавалькоў.
- Пастаяннае абнаўленьне сьпісу «не занятых у эканоміцы». Паводле дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях Тамары Красоўскай, да 1 лістапада прапануецца вызначыць, хто такія «не занятыя ў эканоміцы» і сфармаваць абнаўляльныя базы такіх на мясцовым і рэспубліканскім узроўнях.
- Тэрыторыі з «асаблівым напружаньнем на рынку працы». Паводле Красоўскай, прапануецца праз урад і аблвыканкамы вызначаць сьпіс такіх тэрыторыяў, весьці маніторынг «якасьці і даступнасьці паслуг у садзейнічаньні занятасьці».
- Спытаць «дармаедаў», чаму не працуюць. Паводле Красоўскай, «дармаедаў» будуць выклікаць на размову зь мясцовымі органамі ўладаў і пытаць, «калі людзі не працуюць, то чаму». З кожным (з амаль паўмільёна?) «дармаедаў» абяцаюць праводзіць «індывідуальную работу».
- Рэсацыялізацыя асацыяльных. Паводле Красоўскай, прадугледжаныя «захады ў рэсацыялізацыі асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця. Калі выканкамы пабачаць, што чалавек ня хоча працаваць, «будуць думаць, што зь ім рабіць».
- «Дармаедзкія» камісіі. Паводле Красоўскай, каардынаваць працу ў рэалізацыі дэкрэту будуць пастаянныя камісіі, створаныя мясцовай адміністрацыяй. У склад камісіяў прапануецца ўключыць раённых дэпутатаў, спэцыялістаў з органаў працы, занятасьці, сацыяльнай абароны, ЖКГ і іншых. Менавіта камісіі будуць паведамляць людзям, што яны «дармаеды», і сачыць за іхным працаўладкаваньнем цягам кварталу пасьля інфармаваньня.
- «Дармаедам» падвысяць «камуналку»? Паводле Красоўскай, прапануецца зь 1 студзеня 2019 году аказваць «не занятым у эканоміцы» камунальныя паслугі па цэнах з «поўным кампэнсацыяй» выдаткаў на іх аказаньне — прынамсі, паслугі цепла- і газазабесьпячэньня. Што гэта значыць, не зусім зразумела: раней гаварылася, што ўсе беларусы будуць кампэнсаваць выдаткі за «камуналку» на 100% зь 2019 году, а то і з 2018-га. Паводле дырэктара Інстытуту эканомікі Акадэміі навук Беларусі Валера Бельскага, гэтая прапанова разглядалася як «часовая».
- Пазбавіць «дармаедаў» бясплатнай мэдыцыны. Гэта раней прапаноўваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк — увесьці «карту сацыяльнага страхаваньня» і не аказваць бясплатных сацыяльных паслуг тым, хто не працуе. Паводле Бельскага, гэтая прапанова супярэчыць Канстытуцыі.
- Пашырыць сьпіс «недармаедаў». Гэта прапаноўвала сталічная служба занятасьці: «магчыма, гэта хатнія гаспадыні, прынамсі тыя, хто выхоўвае дзяцей да 14 гадоў».
- Прымусовае працаўладкаваньне пасьля выхаду з турмы. Таксама згаданая служба прапаноўвала ўнесьці праўкі ў крымінальнае заканадаўства, каб пасьля вызваленьня зь месцаў пазбаўленьня волі (у тым ліку лячэбна-працоўных прафілякторыяў) чалавек быў абавязаны працаўладкавацца і адпрацаваць на адным месцы 2 гады (цяпер падобная схема ўжываецца для студэнтаў-«бюджэтнікаў», але яны могуць «адкупіцца» ад разьмеркаваньня, выплаціўшы поўны кошт свайго навучаньня).
Пра тое, ці ад імя рабочай групы прапаноўваецца Лукашэнку проста скасаваць дэкрэт № 3, не паведамляецца. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая перадавала ў адміністрацыю Лукашэнкі праект АГП, у якім прапаноўвалася замест «падатку на дармаедаў» увесьці адрасную грашовую падтрымку ў залежнасьці ад прыбытку, даваць ваўчары на пачатковую і сярэднюю адукацыю і ўвесьці індывідуальнае мэдыцынскае страхаваньне.