Сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зьміцер Кавалгін аштрафаваныя на 50 базавых велічынь кожны (па 1150 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць вучэньняў «Захад-2017», якая прайшла 8 верасьня ў Менску.
Як перадае агенцтва БелаПАН, пасяджэньні па адміністрацыйных справах у дачыненьні да дэмакратычных актывістаў прайшлі 3 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы.
Акцыя 8 верасьня праводзілася на знак пратэсту супраць беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017» і была прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы.
Тады нікога зь яе ўдзельнікаў не затрымалі. Аднак пазьней былі асуджаныя апазыцыйны палітык Уладзімер Някляеў і магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Першы адбываў 7-суткавы арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, адкуль вызваліўся 22 верасьня, другога пакаралі штрафам у памеры 460 рублёў.
Суд над адным з арганізатараў акцыі Міколам Статкевічам прайшоў 26 верасьня ў судзе Ленінскага раёну Менску. Статкевіча арыштавалі на 5 сутак. Акрамя таго, палітык адбывае 15 сутак за арганізацыю вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня.
2 кастрычніка сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец таксама быў пакараны 15 суткамі за ўдзел у той жа акцыі на афіцыйны Дзень незалежнасьці.